Каб прызнацца ў любові роднай мове, Бацькаўшчыне, неабавязкова шукаць нагоды. Але асабліва шчымліва і прыгожа гучыць матуліна мова ў час святкаванняў. Традыцыйна ў Хвінявіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы праводзіцца тэматычны тыдзень.
Гэты навучальны год не стаў выключэннем. Вучні і настаўнікі прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Гавары са мной па-беларуску”, падчас якой у рэкрэацыях установы праводзіўся майстар-клас. Удзельнікі папаўнялі свой слоўнікавы запас, праявілі майстэрства ў ролі перакладчыкаў. На працягу тыдня дзейнічаў буккросінг “Чытаем на роднай мове”. Аматары літаратуры мелі магчымасць пазнаёміцца з навінкамі беларускай літаратуры, падзяліцца з сябрамі сваімі ўласнымі кнігамі і ўзяць для чытання кнігі сяброў. У школьнай бібліятэцы наладжаны выставы кніг пісьменнікаў-юбіляраў І.Шамякіна, К.Крапівы, І.Мележа.
Вучні старшых класаў прынялі ўдзел у конкурсе творчых работ “За што я люблю родную зямлю”. Дзевяць вучняў установы змаглі праявіць кемлівасць, знаходлівасць і веды падчас рэспубліканскага конкурсу “Буслік–2021”. Члены БРСМ сталі ўдзельнікамі праекта “Адзіны дыктант на прыз БРСМ”. У асноўным вучні справіліся з дыктантам на высокім узроўні. Такі вынік вельмі парадаваў і навучэнцаў, і настаўнікаў.
Прыгожая мова, мілагучныя вершы беларускіх паэтаў гучалі на літаратурным калейдаскопе “Роднай мовы пералівы”. Зорны час “Чытаем беларускіх класікаў” настаў для Сафіі Санцэвіч, вучаніцы 1-га класа, Віялеты Мілевіч, вучаніцы 6-га класа, Ксеніі Скерсь, вучаніцы 9-га класа.
Захапляльным было наведванне школьнага музея “Скарбы дзядоў нашых”, дзе навучэнцам была прапанавана экскурсія “Хата з матчынай душой і роднай мовай”.
Завяршыўся тыдзень роднай мовы, але любоў і павага да беларускай мовы ў нашых сэрцах назаўсёды.
Таццяна ЖЫНКО,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Хвінявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна