Мелодыя сэрца

- 16:56ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У Валеўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна стала добрай традыцыяй правядзенне тыдня беларускай мовы, які заўсёды прымяркоўваецца да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы. Сёлета ён прайшоў пад дэвізам “Беларуская мова – мелодыя сэрца”.

Вучні і настаўнікі акунуліся ў беларускамоўнае інфармацыйнае мора, якое пакінула ў кожнага незабыўныя ўражанні і паказала, што родная мова – модная мова.

Пачатак тыдня традыцыйна адзначыўся акцыяй “Размаўляй, пішы, твары па-беларуску!” На ўсіх перапынках гучала сакавітае роднае слова. Гульня “Рускай мове дай разгрузку: размаўляй па-беларуску!” яшчэ раз даказала, што нашы вучні ведаюць і любяць сваю родную мову, умела перакладаюць рускія назвы на беларускую мову. У кіназале школы дэманстраваліся відэаролікі “Беларусь у маім сэрцы” і мультфільмы на беларускай мове. У бібліятэцы вучняў чакалі любімыя казачныя героі. У школьным гісторыка-краязнаўчым музеі вучні адправіліся ў цікавае падарожжа ў мінулае нашай малой радзімы. У этнаграфічным куточку музея пануе асаблівая атмасфера.Тут адчуваеш сябе сапраўдным беларусам і захапляешся ўмельствам і творчасцю мясцовых майстроў. Усе экспанаты музея з’яўляюцца каштоўнымі і маюць сваю цікавую гісторыю. У кабінеце беларускай мовы і літаратуры вучні 10–11-х класаў аформілі прыгожую папку-раскладку да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Мележа і пазнаёміліся з малавядомымі старонкамі яго біяграфіі.

А якая прыгожая атрымалася выстава малюнкаў да твораў беларускіх аўтараў! Якія таленавітыя ў нас вучні! Чэлендж “Мова краіны маёй” прайшоў на адным дыханні. Вучні дэкламавалі верш народнага паэта Беларусі П.Панчанкі “Родная мова”. Відэаролік па-сапраўднаму захапляе сваёй шчырасцю і непаўторнасцю. На штогадовым рэспубліканскім конкурсе “Буслік” вучні 3–9-х класаў старанна выконвалі творчыя заданні. У кожнага было жаданне разгадаць таямніцу цудадзейнай крыніцы беларускага слова, спазнаць яго сілу і хараство.

Вучні 5–6-х класаў удзельнічалі ў інтэлектуальным турніры “Знаўцы роднай мовы”. Добразычлівая атмасфера, цікавыя заданні, наглядны матэрыял спрыялі прадуктыўнай працы ўдзельнікаў турніру. У выніку перамаглі сяброўскія адносіны і добры настрой.

З мэтай папулярызацыі беларускай мовы і ўдасканалення ведаў вучні нашай школы далучыліся да напісання абласнога дыктанта, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы. Усе жадалі напісаць дыктант без памылак. Можна было заўважыць, з якой асалодай і ў той жа час напругай кожны правяраў тэкст у час самаправеркі.

Завяршыўся тыдзень роднай мовы незвычайнай красачнай акцыяй пажаданняў роднай Беларусі “Далучы сваю далонь”. Вучні выпускных класаў ад чыстага сэрца жадалі сваёй краіне міру, шчасця і росквіту. У суправаджэнні танцавальнай групы “Чароўны свет танца” і пад незабыўныя гукі цымбалаў школьнікі выйшлі на ўрачысты флэшмоб “Купалінка”.

Ала ЖУКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий