Ужо пяты год у гімназіі № 1 Іўя працуе клуб “Правазнавец”. Прававая асвета гімназістаў, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі вучняў, забеспячэнне нефармальных зносін і арганізацыя свабоднага абмену думкамі і інфармацыяй паміж таварышамі – мэта работы клуба, у склад якога ўваходзяць навучэнцы 8-га класа.
Сёння існуе праблема маральна-прававога выхавання навучэнцаў. Вырашэнне гэтай праблемы ўскладзена на школу, якая ў працэсе пазаўрочнай дзейнасці ажыццяўляе выхаванне школьнікаў. Прававая асвета дазваляе павысіць узровень прававых ведаў вучняў, а таксама дапамагае дзіцяці ўсвядоміць важнасць права ў яго жыцці, забяспечыць абарону яго правоў і бяспеку.
Як кіраўнік клуба “Правазнавец” я імкнуся праводзіць разнастайныя па форме і метадам заняткі, арганізоўваю іх у інтэрактыўнай форме. Практыкумы, прэзентацыі, групавая работа з элементамі абмеркавання, віктарыны і гульні, экскурсіі – вось што дазваляе фарміраваць на занятках не толькі пазнавальную, але і камунікатыўную кампетэнтнасць навучэнцаў.
Пасяджэнні клуба па тэмах “Статус дзіцяці ў крымінальных праваадносінах”, “За ўсё мы ў адказе”, “Праступак. Правапарушэнне. Злачынства” прайшлі з удзелам спецыялістаў: старшыні суда, начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх. Школьнікам падабаюцца такія сустрэчы, навучэнцы актыўна задаюць пытанні запрошаным, удзельнічаюць у дыскусіях. Як вынік, маюць уяўленне пра дзеянні і ўчынкі, якія складаюць пагрозу бяспецы асобы; адрозніваюць правамерныя і неправамерныя паводзіны, падставы і парадак прызначэння пакаранняў; знаёмыя з паўнамоцтвамі судоў, органаў унутраных спраў.
Удзел членаў клуба ў розных прававых гульнях, акцыях дае ім магчымасць рэалізаваць сябе, дасягнуць поспеху, павысіць свой узровень самаацэнкі. У рамках тыдня прававых ведаў правазнаўцы традыцыйна арганізоўваюць гульнявую праграму для навучэнцаў пачатковых класаў “Падарожжа ў краіну законаў”, а таксама праводзяць акцыю “Правы дзіцяці – у кожны клас!”, што дазваляе пашырыць веды малодшых школьнікаў па прававой тэматыцы. А засваенне прававых нормаў спрыяе прадухіленню канфліктаў ці вырашэнню іх прававымі сродкамі, стварае ў вучнёўскім калектыве здаровую духоўную атмасферу.
Заняткі ў клубе дапамагаюць фарміраваць у дзяцей пачуццё ўласнай годнасці, навучэнцы ўсведамляюць свае правы, умеюць іх рэалізаваць, а таксама прызнаваць правы іншых людзей. А паважаючы сябе як асоба, вучань здольны паважаць правы іншых.
Вольга КВЯЦІНСКАЯ,
сацыяльны педагог гімназіі № 1 Іўя,
кіраўнік клуба