Доўг Памяці – гэта пачуццё дзейснага патрыятызу

- 18:33ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

“Радзіму любяць не за тое, што яна вялікая, а за тое, што яна свая” – пад такім дэвізам у рамках дэкады вайсковай славы і памяці “Мы ганарымся Айчынай сваёй” праходзіў музейны ўрок у гісторыка- краязнаўчым музеі “Наш гонар” сярэдняй школы № 1 Смаргоні.

Рабяты прысвяцілі мерапрыемства настаўнікам, былым франтавікам, якія прайшлі дарогамі вайны, а ў пасляваенныя гады працавалі ў старэйшай школе горада – “сеялі разумнае, добрае, вечнае”. Дзесяццю героямі вайны з нашай школы ганарацца і будуць заўсёды ганарыцца вучні.

Да гэтага мерапрыемства хлопцы и дзяўчаты грунтоўна рыхтаваліся. Яны апрацавалі сабраны матэрыял у прэзентацыю, завязалі перапіску з роднымі былых франтавікоў, папоўнілі аднаіменны з музейнай экспазіцыяй фотаальбом “Праз іх лёс прайшла вайна” і нават запрасілі на сустрэчу былых вучняў настаўнікаў-франтавікоў. Атрымалася жывая сустрэча пакаленняў, якая тонкай, але трывалай ніткай звязала ўсіх разам. З вялікім гонарам і пашанай гаварылі былыя школьнікі пра першых дырэктараў школы –франтавікоў, афіцэраў, сярод якіх былі і дзве жанчыны.

Жывую памяць пра Міхаіла Лук’янавіча Далбешкіна данёс да дзяцей я сам – былы вучань героя, бо Міхаіл Лук’янавіч быў маім класным кіраўніком, настаўнікам хіміі, біялогіі і дырэктарам школы. Ён стаў жывым пачаткам маёй будучай прафесіі. Сваім прыкладам на ўроках і ў пазакласнай рабоце ён выхоўваў у нас прагу да ведаў, працавітасць, настойлівасць, павагу да старэйшых, любоў да роднага краю, вадзіў нас у паходы і на экскурсіі па родным краі, падкрэсліваючы тое, што патрэбна рыхтаваць сябе да сталага самастойнага жыцця з самага дзяцінства, каб быць патрэбным людзям, Радзіме. Неаднаразова настаўнік акцэнтаваў, што Радзіму неабходна любіць не на словах, а на дзейснай справе. Мае вучні слухалі аповед ужо свайго класнага кіраўніка, а, здавалася, чулі жывы голас былога франтавіка.

У дадатак да сказанага пра педагога я з гонарам распавёў рабятам яшчэ і пра свайго роднага бацьку Сцяпана Сцяпанавіча Шчаснага і яго брата, майго дзядзьку, Міхаіла Сцяпанавіча Шчаснага, былых франтавікоў. Бацька мой прайшоў дарогамі страшнай вайны воінам-сапёрам аж да Берліна, быў удзельнікам фарсіравання рэк Віслы, Одэра, вызвалення Варшавы. Абодва былі цяжка паранены. З франтавымі асколкамі ім давялося жыць, працаваць, гадаваць дзяцей у пасляваенныя гады. Аднак лёс іх не зламаў, больш таго, загартаваў. У мірныя пасляваенныя гады ветэраны добрасумленна працавалі ў калгасе, мелі ўзнагароды, выгадавалі добрых дзяцей, якія сёння прыносяць карысць сваёй Айчыне. Убачыўшы дзяржаўныя ўзнагароды герояў, якія мы, дзеці, шануем як вялікую рэліквію, вучні былі ў глыбокім задуменні. Гэта трэба ўбачыць і адчуць – хваляванні сённяшняга пакалення, якое цяжка чым здзівіць!

Завяршыўся ўрок зваротам да юнага пакалення, які пакінула былая ўдзельніца вайны, пазней дырэктар школы, Людміла Габовіч: “Беражыце мір!”

Такім спосабам быў завязаны вузялок непарыўнай ніткі памяці, які смела назавём Доўгам Памяці. Доўг Памяці – гэта пачуццё дзейснага патрыятызу, грамадзянскага абавязку, павагі да старэйшага пакалення, да гісторыі.

Тут вялікая роля належыць школе, самой асобе настаўніка, педагога. Менавіта ў сям’і і школе фарміруюць такія важныя для станаўлення асобы каштоўнасці, як абавязак, гонар, сумленне, ідзе асэнсаванае ўсведамленне неабходнасці быць патрэбным грамадству. Для гэтага сам настаўнік абавязаны мець цвёрдую ўпэўненасць і перакананасць у тых якасцях, якія фарміруе: працавітасць, законапаслухмянасць, адукаванасць, усведамленне гістарычнага мінулага. Ён выхавальнік і ў адказе за асобу грамадзяніна Айчыны, яе будучыню.

Вядома, што адных урокаў і выхаваўчых гадзін тут будзе мала. У гэтай справе вялікая роля належыць сямейнаму выхаванню. І гэта немалая праблема сучаснага грамадства. Аднак гэта асобная тэма і пакуль трэба лічыцца з рэальнымі ўмовамі. Нам, педагогам-практыкам, валодаючым сучаснымі педагагічнымі тэхналогіямі ў сукупнасці з сусветна ацэненымі савецкімі, гэта пад сілу. Цешыўся я і сам ад такога ўдалага, на мой погляд, урока гісторыі, бо бачыў, з якім замілаваннем гаварылі самі вучні пра такую далёкую ад іх гісторыю.

Пакуль жыве памяць, жывуць героі, жыве гісторыя. Доўг Памяці, як малітва, – праз усё жыццё! Сапраўды, гісторыя – настаўнік жыцця.

Расціслаў ШЧАСНЫ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства 
сярэдняй школы № 1 Смаргоні,
кандыдат педагагічных навук,
заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий