- Прафарыентацыя

Знаёмства з прафесіямі ўжывую

 

Андрэй СІПАЙЛА,
класны кіраўнік 9-га класа
Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

 

У Гарадзечненскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна надаецца вялікая ўвага прафарыентацыйнай рабоце.

На другім паверсе ўстановы аформлены стэнд па прафарыентацыі, які пастаянна абнаўляецца. На стэндзе прадстаўлены матэрыялы для вучняў і ў дапамогу класнаму кіраўніку, даведачна-інфармацыйныя матэрыялы пра ВНУ, каледжы, прафесійныя ліцэі.

Заўжды ў студзені педагог-псіхолаг М.М.Малішэўская праводзіць дыягнастычныя даследаванні вучняў 8–11-х класаў з мэтай вызначэння тыпу асобы і прафесійнай накіраванасці вучняў. Па індывідуальных запытах вучняў, калі ў іх узнікаюць цяжкасці прафесійнага самавызначэння, праводзіцца паглыбленая дыягностыка з мэтай складання індывідуальнага партрэта асобы.

Штогод згодна з зацверджаным графікам нашы вучні наведваюць розныя прадпрыемствы і арганізацыі Навагрудка і Навагрудскага раёна, а таксама Навагрудскі ліцэй і каледжы з мэтай прафесійнага самавызначэння.

Так нядаўна вучні 9-га класа наведалі Навагрудскі сельскагаспадарчы ліцэй. Падчас прафарыентацыйнай сустрэчы вучні пазнаёміліся са спецыяльнасцямі, па якіх вядзецца навучанне ў ліцэі, наведалі майстар-класы “Карвінг”, “Сервіроўка стала”, “Складванне сурвэтак”, паўдзельнічалі ў прафесійных пробах па прафесіях трактарыст-машыніст, афіцыянт, повар. Таксама вучні наведалі заняткі ў майстэрнях будаўнічых работ, машынны двор, прынялі ўдзел у прафесійным анкетаванні. Яны былі вельмі зацікаўленыя, з добрым і бадзёрым настроем пакідалі ўстанову.

Асабліва такія сустрэчы даюць станоўчы вынік для тых вучняў 9-га класа, якія не плануюць працягваць навучанне ў 10-м класе і ім неабходна быць гатовымі да прафесійнага самавызначэння. Чым хутчэй малады чалавек вырашыць праблемную сітуацыю з выбарам прафесіі, тым больш у яго будзе часу і магчымасцей для мэтанакіраванага самаразвіцця і падрыхтоўкі.

 

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий