Масленіца ў школе сем дзён гуляе

- 16:09ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

З 22 па 27 лютага ў сярэдняй школе № 1 Смаргоні праходзіў Масленічны тыдзень. Масленіца – самае вясёлае і сытнае народнае свята, якое доўжыцца цэлы тыдзень. Вось і навучэнцы нашай школы ўвесь тыдзень былі пагружаны ў атмасферу весялосці, радасных забаў і цікавых пазнавальных мерапрыемстваў.

Па традыцыі кожны дзень Сырнага тыдня, як яшчэ даўней называлі Масленіцу, мае сваю назву і значэнне. Панядзелак – першы дзень масленічнага тыдня, які атрымаў назву “Сустрэча”. Гэты дзень прайшоў у школе пад дэвізам “Гэта Масленіца ідзе, блін ды мёд нясе”. Кожны клас “спёк” свой блін, на якім напісаў добрыя пажаданні навучэнцам і настаўнікам на наступны тыдзень. Яркі “стос” бліноў размясціўся на інфармацыйным стэндзе ў фае школы, ствараючы святочны вясновы настрой. З гэтага дня ў класах сталі праводзіцца класныя і інфармацыйныя гадзіны на тэму “Масленіца: гісторыя свята, традыцыі і звычаі”.

Аўторак празвалі “Зайгрыш”. Яго прысвячалі моладзі. У гэты дзень ладзілі народныя гулянні: каталіся на санках, ледзяных горках, каруселях. У сераду для навучэнцаў пачатковых класаў была арганізавана гульнёвая праграма “На горах пакатацца, у блінах пакачацца”. Гульні “Сонейка”, “Бліны-аладкі”, “Патэльня”, “Бліны”, “Ручаёк” і інш. дазволілі дзецям і пабегаць, і паскакаць, і патанцаваць, і нават пакрычаць. Абыякавых не засталося.

Серада – “Ласуха”. У гэты дзень клікалі ў хату гасцей (сяброў, родных, суседзяў). Для ўсіх жадаючых свае дзверы адчыніў клуб “Руская славеснасць”. Члены клуба арганізавалі гасцёўню “Масленіца – рускі карнавал”. У час мерапрыемства навучэнцы распавялі пра гісторыю ўзнікнення свята, звязаныя з ім традыцыі, пра дні Масленічнай сядміцы. Рабяты даследвалі “жыццё” слова масленіца ў фальклоры і мастацтве, называлі фразеалагізмы, устойлівыя выразы, прыказкі і прымаўкі пра Масленіцу. Падчас сустрэчы гучалі абрадавыя песні, прыпеўкі, загадкі на тэму Масленіцы, таксама вядучыя сустрэчы зрабілі агляд карцін рускіх мастакоў, прысвечаных гэтаму старажытнаму святу.

Чацвер у народзе празвалі “Разгуляй”. З гэтага дня пачынаецца Шырокая Масленіца, якая суправаджаецца гульнямі ў снежкі, катаннем на санках, вясёлымі карагодамі і спевамі. У чацвер у школе было больш шумна, чым звычайна, таму што ў гэты дзень праходзілі рухомыя перамены “Блінцы, бліны, як колы ў Вясны”. Пад вясёлую музыку навучэнцы гулялі ў “снежкі”, вадзілі карагоды, “лёталі” на мятле, ганялі кола, спаборнічалі ў крычалках.

Пятніцу празвалі “Цёшчыны вячоркі”, таму што ў гэты дзень зяці запрашалі цёшчу ў свой дом і частавалі смачнымі блінамі. Фальклорны вечар “Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!” правялі члены клуба “Роднае слова”. Гучалі беларускія народныя песні “Чаму ж мне не пець”, “Мікіта”, “Касіў Ясь канюшыну”, разыгрываліся сцэнкі “Суседкі”, “Цёшчыны вячоркі”, удзельнікі адгадвалі загадкі. Мерапрыемства спрыяла далучэнню школьнікаў да багацця нацыянальнага фальклору, развіццю творчых здольнасцей, фарміраванню эстэтычнага густу.

У школе была арганізавана выстава масленічных лялек “Сягоння Масленіца ў госці ідзе”. Кожны клас падаў сваю масленічную прыгажуню – з паперы, кардона, саломы, галінак і тканіны.

Апафеозам школьнай Масленіцы стала субота. Чучала, вядома, не спальвалі, але масленічны дух разносіўся па ўсёй школе. І гэта невыпадкова. У школьнай сталовай праходзіў майстар-клас па выпечцы бліноў “Масленіца без бліноў, як імяніны без пірагоў”. “Масленіца – аб’ядуха, грошы прыбяруха”, – гаворыць народная прыказка. Вось і ў гэты дзень рабяты атрымлівалі асалоду ад блінных пачастункаў: бліны са згушчонкой, з мёдам і варэннем, аладкі, духмяны чай. Дзеці елі бліны з апетытам і нахвальвалі, бо спяклі іх самі!

З’есці блін на Масленіцу – значыць праглынуць кавалачак сонца, яго цяпла, пяшчоты і шчодрасці. Чым больш будзе прыгатавана і з’едзена бліноў, тым хутчэй пачнецца вясна і тым цяплей будуць наступныя поры года. Мяркуючы па з’едзеным ў гэты дзень блінам – вясна чакаецца ранняя!

Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий