23 лютага ў Палацы дзяцей і моладзі Наваполацка прайшоў першы гарадскі фестываль па лега-канструяванні “Лега-ідэя”. Удзельнікі выступалі ў дзвюх узроставых катэгорыях: 6–7 і 8–10 гадоў.
Дома, у дзіцячым садзе ці школе можна было сабраць 80 % канструкцыі на тэмы “Горад маёй мары”, “Таямнічы космас” і “Лега-казкі”. Завяршальныя штрыхі рабіліся падчас фестывалю, пасля чаго хлопчыкі і дзяўчынкі абаранялі свае творчыя працы. Каманды прадставілі журы касмічныя станцыі, экалагічна чыстыя гарады і казкалэнды. Выбралі незвычайны спосаб прэзентацыі: выкарыстоўвалі светлавыя і гукавыя эфекты, мультымедыя, вершы і казкі ўласнага аўтарства. Адна з каманд стварыла цэлы мультыплікацыйны фільм.
Журы ацэньвала ў работах не толькі адпаведнасць абранай тэме, якасць і тэхнічную складанасць выканання, але і арыгінальнасць, культуру маўлення падчас абароны.
На ўзнагароджанні кожны атрымаў сертыфікат удзельніка фестывалю, а пераможцы і прызёры – дыпломы I, II і III ступені аддзела па адукацыі Наваполацкага гарвыканкама і прызы.
Наталля ХАЛІКАВА,
метадыст аддзела тэхнічнай творчасці,
Тэрэза АБАЛОК-ГЛУШАКОВА,
загадчык аддзела тэхнічнай творчасці
Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка