“Я выбіраю жыццё!” – пад такім дэвізам прайшло мерапрыемства ў смаргонскай гарадской бібліятэцы № 1, на якое запрасілі да ўдзелу навучэнцаў 7 “Г” класа сярэдняй школы № 5 Смаргоні.
Сустрэча ў бібліятэцы была прысвечана Міжнароднаму дню барацьбы з наркаманіяй, які адзначаецца 1 сакавіка.
Перад вучнямі класа выступіла фельдшар-валеолаг Смаргонскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Кундро, якая расказала падлеткам пра прычыны ўжывання наркотыкаў, уплыў наркотыкаў на здароўе чалавека. Мерапрыемства праходзіла ў форме дыялогу. Падлеткі разважалі пра тое, што пагражае арганізму чалавека пры працяглым ужыванні наркотыкаў, як пазбегнуць уплыву дрэннай кампаніі аднагодкаў, у чым заключаецца перавага здаровага ладу жыцця.
Напрыканцы работнікі бібліятэкі правялі з вучнямі інтэрактыўныя практыкаванні, на якіх сямікласнікі вучыліся адказваць адмовай на прапанову ўжываць наркотыкі. Мерапрыемства завяршылася пазнавальнай віктарынай.
Наталля КУДАШ,
класны кіраўнік 7 “Г” класа
сярэдняй школы № 5 Смаргоні