Апошні тыдзень лютага ў Вераб’евіцкім дзіцячым садзе – базавай школе быў аб’яўлены тыднем эмацыянальнага здароўя навучэнцаў. Удзельнікі валанцёрскага атрада “Па закліку сэрца” прайшлі па вуліцах нашага аграгарадка з акцыяй “Абмяняй цыгарэту на цукерку”.
За час правядзення тыдня здароўя прайшоў шэраг тэматычных мерапрыемстваў, якія былі накіраваны на прыцягненне ўвагі да ўмацавання здароўя навучэнцаў і фарміраванне ў маладога пакалення каштоўнасці здаровага ладу жыцця.
У фае школы была аформлена выстава матэрыялаў “Здароўе – гэта здорава!”. У школьнай бібліятэцы ёсць шмат літаратуры, якая дапамагае зразумець, як важна весці здаровы лад жыцця і што для гэтага трэба рабіць. Бібліятэкар С.А.Болдзісава аформіла выставу “Здаровы чалавек – здаровая нацыя”, на якой кожны можа знайсці тое, што яго зацікавіць. Тут прадстаўлены кнігі пра правільны рэжым дня, правілы гігіены, заняткі спортам і простыя комплексы зарадкі. А тым, хто яшчэ не ведае, з чаго пачаць, Святлана Аркадзеўна заўсёды гатовая расказаць пра кнігі, часопісы і параіць лепшы выбар.
У першыя дні тыдня з навучэнцамі 1–9-х класаў сацыяльным педагогам быў праведзены тэст “Дрэва з чалавечкамі”. Па выніках методыкі большасць навучэнцаў характарызуюць сябе, як людзі з нармальнай адаптацыяй да бягучай жыццёвай сітуацыі, хочуць стаць людзьмі з устойлівай жыццёвай пазіцыяй, якая дапаможа ім дасягнуць высокіх вынікаў у справах. Таксама была праведзена анкета для вывучэння задаволенасці навучэнцамі школьным жыццём у 5–9-х класах. Згодна аналізу анкет навучэнцаў можна зрабіць выснову, што ў большасці навучэнцаў рэйтынг задаволенасці школьным жыццём высокі і вышэй сярэдняга.
Не засталіся без увагі і навучэнцы пачатковых класаў. Яны з цікавасцю ўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў “Здароўе – гэта выдатна!”.
У рамках тыдня эмацыянальнага здароўя разам са звыклымі фізхвілінкамі і актыўнымі перапынкамі ва ўстанове адукацыі класнымі кіраўнікамі праведзены тэматычныя пяціхвілінкі на розных уроках.
Сацыяльны педагог правяла ў 5-м класе выхаваўчы час “Зубы і догляд за імі”.
Навучэнцы пачатковых класаў мелі магчымасць пагутарыць з медыцынскім работнікам, якая расказала пра неабходнасць сачыць за сваім здароўем.
Вельмі займальна прайшоў класны час на тэму “Здаровыя зубы – кожнаму любы”, які правяла класны кіраўнік 4-га класа. На занятку дзеці атрымалі звесткі, неабходныя для ўмацавання здароўя зубоў, выпрацоўкі на аснове гэтых ведаў неабходных гігіенічных навыкаў і звычак.
Вучняў, якія наведваюць группу падоўжанага дня, выхавальнік запрасіла на выхаваўчы час “Здаровае харчаванне”. Падчас мерапрыемства дзеці вучыліся вызначаць карысныя і шкодныя прадукты харчавання, паўтарылі асноўныя правілы гігіены, адказалі на пытанні віктарыны і атрымалі порцыю добрага настрою. Такія мерапрыемствы вучаць нашых дзетак мець зносіны адно з адным, выказваць свае меркаванні і адстойваць сваю кропку гледжання.
Скончыўся тыдзень эмацыянальнага здароўя праглядам і абмеркаваннем відэаролікаў на тэму здароўя. Вучні пачатковых класаў з цікавасцю праглядзелі мультфільм “Азбука здароўя”.
Асаблівасцю тыдня здароўя з’яўляецца адзіная выхаваўча-адукацыйная прастора, створаная на аснове даверу партнёрскіх адносін супрацоўнікаў установы адукацыі з бацькамі. Гэта залог паспяховай працы з дзецьмі.
Таццяна БУЙВАЛ,
педагог сацыяльны
Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы
Навагрудскага раёна