Навучэнцы аграрна-тэхнічнага ліцэя вывучаюць спадчыну

- 11:31ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

Юбілей славутых беларускіх пісьменнікаў Івана Мележа і Івана Шамякіна ў Гомельскім дзяржаўным прафесіянальным аграрна-тэхнічным ліцэі адзначылі дэкадай сучаснай беларускай літаратуры.

Супрацоўнiкi агульнай чытальнай залы Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна пад кіраўніцтвам загадчыка Ганны Мяшковай запрасілі нас да сябе. Увазе навучэнцаў ліцэя прапанавалi лiтаратурна-музычную кампазiцыю “Прапаведнiкi духоўнасцi i чалавечнасцi”. Вядучыя распавялі пра жыццё і найбольш знакамітыя творы пісьменнікаў, прапанавалі да прагляду ўрыўкi з кiнафiльмаў, знятых па iх творах. Задушэўна гучалi песнi на роднай мове ў выкананнi супрацоўнiцы бiблiятэкi Таццяны Дземiдзенка.

Таксама мы правялі сумесную гульню-віктарыну “Вандроўка па родным краі”, якая працягнула зімовую серыю інтэлектуальных гульняў. Напружаная барацьба разгарнулася паміж камандамі “Бульбашы” і “Гусляры”. Рабятам давялося ўспомніць шмат беларускіх найменняў, прыказак і прымавак. Па партрэтах устанаўлівалі асобы знакамітых людзей Беларусі: Барбары Радзівіл, Рагнеды, Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Кірылы Тураўскага, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Івана Мележа, Івана Шамякіна… Удзельнікі гульні нават паспрабавалі свае сілы ў напісанні невялічкіх апавяданняў на беларускай мове.

Пераможцаў ўзнагародзілі памятнымі сувенірамі, а ўсе ўдзельнікі атрымалі задавальненне ад таго, што ў чарговы раз змаглі дакрануцца да сваёй гісторыі, сваіх каранёў, паразмаўляць на роднай мове.

Навучэнцы ліцэя з вялікай ахвотай таксама прынялі ўдзел у паэтычным марафоне “Родная мова, цудоўная мова”. У кабінеце беларускай мовы і літаратуры гучалі вершы Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Яўгеніі Янішчыц, паэтаў-землякоў Таісы Мельчанка, Галіны Рагавой, Алеся Дуброўскага, Ніны Шкляравай, спявалі песні на беларускай мове. Юнакі і дзяўчаты з задавальненнем прынялі ўдзел у віктарыне “Сваімі словамі”, у межах якой займаліся перакладам слоў, успаміналі беларускія фразеалагізмы, слаўныя старонкі мінулага. Быў арганізаваны прагляд відэаролікаў пра Беларусь. Навучэнцы наведалі віртуальныя дамы-музеі Мележа і Шамякіна, прагледзелі дакументальныя фільмы, прысвечаныя іх жыццю і творчасці.

У бібліятэцы ліцэя адбылася літаратурная сустрэча “Пясняр палескага краю”, дзе бібліятэкар Аляксандра Клімовіч прэзентавала кніжную выставу пра жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры І.П.Мележа “Жыў лёсам людзей на балоце”. Навучэнцы з захапленнем разважалі пра лёс Ганны і Васіля.

Пазнавальнай і сапраўды патрыятычнай атрымалася літаратурна-музычная вечарына “Не, класікі не паміраюць…” Мерапрыемства было накіравана на тое, каб пашырыць веды пра асобу і творчасць народных пісьменнікаў І.Мележа і І.Шамякіна, раскрыць свет пачуццяў, вобразаў, характараў, якія яны стварылі ў творах, далучыць падлеткаў да бясцэннага духоўнага набытку – беларускай мовы; дапамагчы ўсвядоміць, якое шчасце жыць у роднай старонцы пад мірным небам. У выкананні навучэнцаў гучалі паэтычныя творы Пімена Панчанкі, Віктара Шніпа, Паўлюка Пранузы, Валянціна Лукшы, прысвечаныя знакамітым юбілярам, песні на беларускай мове.

 

Наталля АЛЯШКЕВІЧ,
выкладчык беларускай мовы і літаратуры
Гомельскага дзяржаўнага прафесіянальнага аграрна-тэхнічнага ліцэя

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий