Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
класны кіраўнік 5 “Б” класа
ДУА «Сярэдняя школа № 22 г. Гродна»
Вучэбна-выхаваўчы працэс – гэта творчасць, пошук, роздум, знаходкі. Каб быць творцам, трэба крэатыўна мысліць, цікава выяўляць сябе, прымаць нестандартныя рашэнні ў розных сітуацыях.
Знайсці сваё прызванне, каб праца не была як пакаранне, –запаветная мара любога чалавека. Не пакрыўлю душой, калі прызнаюся: я шчаслівы чалавек, бо люблю сваю прафесію, люблю дзяцей, іх непасрэднасць, а іншы раз і нават капрызы.
Класны кіраўнік. Хто ж ён сёння? Якую ношу ўзваліў на свае плечы? Якой павінна быць яго выхаваўчая сістэма, метады і прыёмы, каб дзеці з радасцю і задавальненнем ішлі ў школу, актыўна ўдзельнічалі ў класных і пазакласных мерапрыемствах? Колькі павінна быць у дабраце спагады і колькі патрабавальнасці?
Гэтыя пытанні заўсёды хвалююць мяне, нягледзячы на тое, што педагагічны стаж складае амаль 30 гадоў. Да гэтага часу ўсё яшчэ шукаю залатую сярэдзіну, бо ў кожнага дзіцяці свае асаблівасці характару і да кожнага трэба падабраць індывідуальны маршрут. А класны кіраўнік адзін. Ёсць над чым падумаць, ёсць над чым паразважаць!
Нехта з вядомых людзей сказаў, што вучань – гэта не пасудзіна, якую трэба напоўніць, а свяцільнік, які трэба запаліць. Місія класнага кіраўніка, як мне здаецца, якраз заключаецца ў тым, каб абудзіць сэрца дзіцяці, каб яно, нібы жывая свечка, гарэла роўным, зіхатлівым, чыстым святлом.
Бясспрэчна, што класны кіраўнік мусіць быць і добрым рэжысёрам, і псіхолагам, і акцёрам, і дарадцам, і суддзёй, а камусьці і матуляй… Якіх толькі роляў мы на сябе не прымяраем! Але ж галоўнае – заставацца шчырымі адкрытым са сваімі вучнямі, разумець і падтрымліваць.
Асаблівай увагі патрабуюць школьнікі на пераходным этапе з малодшых класаў у сярэдняе звяно. Вядома, што для кожнага пяцікласніка гэта хвалюючы, цікавы перыяд у жыцці. Для дзяцей гэта не толькі новае месца, новыя знаёмствы, але і новыя выпрабаванні і цяжкасці. Даросламу неабходна гэта не толькі разумець, бачыць, але і дапамагчы справіцца маленькаму чалавеку, каб ён мог смела, упэўнена ісці па дарозе жыцця.
Бясспрэчна, кожны класны кіраўнік шчыруе на сваёй дзялянцы. Такой дзялянкай для мяне з’яўляецца мой любімы 5 “Б” клас, у якім вучыцца 11 дзетак. Сямёра з іх з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця ў навучанні. Адсутнасць у дзяцей самакантролю і самарэгуляцыі, нізкая матывацыя да навучання патрабуюць ад выхаваўцаў цярпення і высокага прафесійнага майстэрства. Дзеці прыязджаюць да нас з розных куткоў Гродна. У маім класе навучаюцца двое выхаванцаў Панямуньскага дзіцячага дома Гродна. Яны таксама маюць цяжкасці ў навучанні. Шмат намаганняў прыйшлося прыкласці, каб усім у класе было ўтульна і камфортна, каб мацнейшыя не крыўдзілі, не прыніжалі, не здзекваліся са слабейшых. Паказчыкам добразычлівай даверлівай атмасферы ў дзіцячым калектыве з’яўляецца тое, што старастай класа выбралі дзяўчынку з дзіцячага дома. Яна карыстаецца аўтарытэтам, павагай сярод дзяцей і цудоўна спраўляецца са сваімі абавязкамі.
Не пакрыўлю душой, калі скажу, што за гэты час я ўсім сэрцам прыкіпела, прырасла да сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Не сакрэт, што дапамагчы раскрыцца дзіцячай душы можна толькі тады, калі будзе створана атмасфера таварыскасці, поўнага даверу і паразумення. А гэта магчыма, калі сам будзеш духоўна і душэўна багаты. У іншым выпадку ніколі не дарасцеш да сапраўднага “класнага”.
У сваёй рабоце я імкнуся пабудаваць выхаваўчую працу так, каб яна адпавядала інтарэсам вучняў, іх індывідуальна-псіхалагічным асаблівасцям, іх узроўню навучальнай дзейнасці.
Перш-наперш для таго, каб бліжэй пазнаёміцца з дзецьмі, ведаць іх псіхалагічныя асаблівасці, магчымасці, інтарэсы, прычыны, якія паўплывалі на фарміраванне і праяўленне той ці іншай якасці асобы, я дасканала пазнаёмілася з асабістым жыццём кожнага з вучняў, склала сацыяльна-педагагічную характарыстыку класа, вельмі сур’ёзна і адказна аднеслася да медыцынскіх заключэнняў. Наведала кожную сям’ю з мэтай абследавання ўмоў жыцця і выхавання. Радуе тое, што для школьнікаў дома створаны камфортныя ўмовы для вучобы і адпачынку, бацькі вядуць здаровы лад жыцця, у поўнай меры займаюцца выхаваннем і ўважліва сочаць за навучаннем сваіх дзяцей.
На мой погляд, важна наладзіць з дзецьмі першы кантакт, таму на пачатку навучальнага года мы наведалі музейны этнаграфічны куток, кіраўніком якога я з’яўляюся. Гэта быў своеасаблівы экскурс у мінулае. Вучні-экскурсаводы з натхненнем і энтузіязмам правялі змястоўную экскурсію па музейным пакоі, расказалі, як трапілі гэтыя экспанаты, каштоўныя прадметы і вырабы да нас. Трэба было бачыць, як іскрыліся цікаўныя і дапытлівыя вочы дзяўчынак і хлопчыкаў. Колькі радасці! Колькі задавальнення! Колькі азарту! Кожнаму хацелася дакрануцца да гэтых рэчаў, высветліць, для чаго яны створаны і як працуюць. Гэта экскурсія насіла навучальна-выхаваўчы характар. Яна садзейнічала пашырэнню ведаў вучняў пра сівое мінулае і сучаснае Беларусі, выхоўвала павагу да роднай зямлі нашага народа, яго ўнікальнай мовы. На базе гэтага кутка мы з дзецьмі праводзім шэраг класных і інфармацыйных гадзін (“Славутыя імёны Гродзеншчыны”, “Традыцыі маёй сям’і”, “Зямля бацькоў, Зямля святая”, “Яго вялікасць – хлеб”, “Сем цудаў Беларусі”, “Наша спадчына”).
Вопыт маёй працы паказвае, што творчыя гульні, гульні-спаборніцтвы, гульні-вандраванні, турніры-віктарыны, турніры эрудытаў з’яўляюцца любімымі формамі правядзення пазакласных мерапрыемстваў для падлеткаў. Яны змястоўныя, эмацыянальныя, карысныя і таму па сілах нават слабым вучням. Кожная сустрэча развівае думку і абагачае душу. Гуляць звычайна хочуць усе вучні, важна толькі ўлічваць іх узроставыя асаблівасці. Калектыўны камандны дух, жаданне атрымаць перамогу вельмі часта мяняе гэтых нясмелых дзяцей, натхняе іх, дае магчымасць паказаць сябе з нечаканага боку, раскрыць здольнасці. І зноў-такі – гэта вопыт гаварэння, прамоўніцтва. Калі абвяшчаюцца пераможцы, то раблю гэта вельмі тактоўна, з гумарам, каб нікога не пакрыўдзіць, не зняважыць. На такіх мерапрыемствах, не перабольшу, калі скажу, што праца кіпіць. Найбольш яркія, запамінальныя гульні, якія дзеці палюбілі – “Поле цудаў”, “Вандроўка па родным краі”, “Замкі Беларусі”, “Любіце, ведайце і шануйце родную мову”, “Падлетак на дарозе”.
Несумненна, вечны арыенцір для нас усіх – вобраз маці. Мае пяцікласнікі актыўна ўключыліся ў конкурс малюнкаў “Перад табою, мама, я нізка галаву схіляю”. Дзеці ахвотна, з радасцю выказалі свой інтарэс да мастацтва, імкненне да творчасці, жаданне далучыцца да свету прыгажосці. Кожны малюнак радаваў вока, быў непаўторны і індывідуальны. Праз малюнкі дзеці сэрцам і розумам выказалі павагу і ўдзячнасць той, хто падараваў ім жыццё, атуліў клопатам і бязмежнай любоўю. Сапраўды, творчасць аб’ядноўвае ўсіх незалежна ад іх псіхічнага і фізічнага стану, натхняе на стварэнне цудоўных і неардынарных малюнкаў, вырабаў з прыроднага матэрыялу і паперы.
Вельмі прыемна, што мае гадаванцы сумесна з бацькамі прымаюць актыўны ўдзел у дабрачынных акцыях “Добрае сэрца”, “Навагодні мяшочак радасці”, “Дапаможам пярнатым сябрам”. Гэта выхоўвае ў дзяцей пачуццё суперажывання, спачування, натхняе на добрыя справы і ўчынкі. Яны ўсведамляюць важную ісціну: нельга быць чэрствым, абыякавым, раўнадушным да людскіх бед і няшчасцяў, таму што дабрыня, любоў да людзей, да маці, чыстае сумленне, добрая памяць упрыгожваюць чалавека, робяць яго больш чыстым і высакародным.
На асенніх канікулах у рамках мерапрыемстваў, прысвечаных малой радзіме і 75-годдзю Перамогі, была арганізавана пешая экскурсія па мікрараёне Фарты. Дзеці пазнаёміліся з назвамі вуліц мікрараёна, з гісторыяй гэтага месца, з імёнамі тых, хто абараняў наш горад у час Вялікай Айчыннай вайны. Такія падарожжы з маленства вучаць чалавека любіць свой горад і ганарыцца ім.
Асноўнай формай работы з сям’ёй для класнага кіраўніка, безумоўна, з’яўляецца бацькоўскі сход. Першы свой бацькоўскі сходя праводзіла неафіцыйна. Хвалявалася – ці атрымаецца, ці складзецца як задумана? Скажу шчыра: купіла пячэнне, цукерак, заварыла чаю і ў цёплай, дамашняй атмасферы пачала знаёміцца. Гэта паспрыяла шчырасці, адкрытасці і ўзаемаразуменню паміж намі.
XXI стагоддзе – гэта час камп’ютараў, інтэрнэта, мабільных тэлефонаў. І мы, класныя кіраўнікі, пастаянна імі карыстаемся. Здарылася штосьці: парушыў дысцыпліну, не вывучыў урок, прапусціў заняткі, а бывае і зняважыў настаўніка − тут жа хуткая дапамога − тэлефон. У такіх выпадках стараюся праяўляць чалавечнасць, гуманнасць, мудрасць. Бо добра разумею, што вельмі складана выхоўваць дзяцей з парушэннямі, гэта боль, часам расчараванне ў жыцці, цярпенне, душэўныя пакуты і перажыванні.
Часта практыкую віншаванні сваіх бацькоў з нагоды святаў, запрашаю ў школу на адкрыты дыялог, стараюся падзякаваць за поспехі і дасягненні іх дачок і сыноў з адпаведнымі запісамі ў дзённіку.
Відавочна, што часам мы не ведаем рэальных магчымасцей сямей у дапамозе школе па сумесным выхаванні дзяцей. У пачатку года праводжу анкетаванне або нават даю творчае заданне напісаць сачыненне “Захапленні маёй сям’і”. Гэта мае эфект: некаторыя – прыгожа і па-майстэрску малююць, другія – добрыя музыканты, трэція – непераўзыдзеныя майстрыхі і гаспадыні. Часта запрашаю бацькоў прыняць удзелу класных і пазакласных мерапрыемствах. Такія сумесныя сустрэчы праходзяць ярка, цікава і запамінальна.
Вельмі хацелася б, каб нітачка духоўнага адзінства, узаемнай падтрымкі і суперажывання злучыла нас у адзіную, моцную, дружную сям’ю. Я поўнасцю пераканана, што не будзе ніколі парадку і ўтульнасці, сяброўства і згуртаванасці ў любым калектыве, у любой сям’і, калі не будзе чысціні ў думках, дабрыні ў сэрцы, высакароднасці ў душы.
Напрыканцы хачу сказаць, што я шчаслівы чалавек і рэцэптам сапраўднага шчасцяхачу падзяліцца з вамі, шаноўныя калегі. Вазьміце чашу цярплівасці, наліце туды ад поўнага сэрца любові, укіньце дзве жменькі шчодрасці, пырсніце туды ж гумару, абсыпце дабрынёй, дадайце як мага больш веры і – усё гэта добра змяшайце. Потым намажце на кавалак адведзенага вам жыцця і прапануйце ўсім, каго сустрэнеце на сваім шляху.