Музей і дзеці

- 12:03ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У рамках мерапрыемстваў раённага тыдня “Музей і дзеці” 13 сакавіка група навучэнцаў 5–7-х класаў Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы Смаргонскага раёна наведала Народны гісторыка-этнаграфічны музей сярэдняй школы № 5 Смаргоні.

Пераступіўшы парог музея, мы нібыта перамясціліся ў часе і апынуліся ў мястэчку пачатку ХХ стагоддзя. Уздоўж брукаванай вуліцы размясціліся збудаванні таго часу: карчма, у якой спыняліся сяляне і іншыя спадарожнікі, каб адпачыць, падсілкавацца; за карчмою стаіць майстэрня гарбара, дзе мы ўбачылі розныя рабочыя інструменты, швейную машынку для пашыву скуранога абутку, калодкі для надання яму пэўнай формы. Трапіўшы ў пякарню, з цікавасцю вучні слухалі аповед пра выпечку абаранак. Тут жа ўбачылі невялікія ручныя жорны, карабы для мукі, дзяжу для цеста, сіта для прасейвання мукі, драўляныя лапаты, пры дапамозе якіх выпякалі хлеб. Непадалёку размясцілася сялянская хата з бярвення і з саламянаю страхою. Яна служыла сваім гаспадарам не толькі жытлом, а і месцам працы.

Па другі бок вуліцы, як на кірмашы, размешчаны розныя вырабы: кашы, драўляны і медны посуд, ганчарныя вырабы, прасы і самавары – усе рэчы, без якіх не абыходзілася ніводная сялянская гаспадарка. Тут жа, на вуліцы, стаіць сапраўдны сялянскі воз. За ім – выява дарогі, якая нібы запрашае адправіцца ў наступную вандроўку і наведаць іншыя цікавыя мясціны Смаргоншчыны.

Дзеці былі ў захапленні, з цікавасцю слухалі аповед экскурсавода і разглядалі старыя рэчы, многія з якіх для іх сапраўды дзіўныя.

Людміла РАМАНОЎСКАЯ,
настаўнік Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий