Чатыры раёны Гродзеншчыны, у тым ліку Іўеўскі, уцягнуты ў рэалізацыю праекта па стварэнні патэнцыялу для поўнай утылізацыі цвёрдых бытавых адходаў. Днямі ў Іўеўскай сярэдняй школе прайшла сустрэча з экспертам праекта.
Экалагічная праблема смецця сёння з’яўляецца глабальнай задачай для эколагаў усяго свету. З развіццём тэхнічнага прагрэсу з’явіліся новыя матэрыялы, якія патрабуюць асаблівых умоў утылізацыі і перапрацоўкі. Аб’ёмы спажывання штогод павялічваюцца, што выклікае рост колькасці адходаў. Правільная ўтылізацыя смецця дапаможа пазбегнуць забруджвання планеты.
Для вырашэння праблем з адходамі на тэрыторыі Навагрудскага, Карэліцкага, Іўеўскага і Дзятлаўскага раёнаў запушчаны сумесны праект паміж дэлегацыяй Еўрапейскай камісіі і Навагрудскім райвыканкамам “Стварэнне патэнцыялу для поўнай утылізацыі цвёрдых бытавых адходаў для ўстойлівага развіцця чатырох раёнаў Гродзенскай вобласці з увядзеннем ініцыятывы дзяржаўна-прыватнага партнёрства і распрацоўкай адукацыйных праграм для ўстаноў адукацыі і насельніцтва”. Мэта яго – удасканаліць сістэму асобнага збору адходаў з іх далейшай перапрацоўкай і павысіць узровень адукаванасці насельніцтва па пытаннях экалогіі і энергазберажэння.
У рамках рэалізацыі праекта эксперт па распаўсюджванні інфармацыі Міхаіл Зізюк 15 сакавіка правёў сустрэчу з навучэнцамі Іўеўскай сярэдняй школы. У ходзе мерапрыемства вучні пазнаёміліся з мэтамі, тэрмінамі рэалізацыі, перспектывамі праекта, даведаліся, што ў Навагрудку плануюць пабудаваць вытворчасць па ўтылізацыі адходаў палімераў.
Нароўні з забруджваннем атмасферы, зямлі і вады, праблема ўтылізацыі адходаў з’яўляецца адной з самых хвалюючых для чалавецтва. Паводле статыстычных даных, утылізуецца ўсяго толькі парадку трыццаці працэнтаў адходаў. Астатнія дзве трэці істотным чынам забруджваюць нашу атмасферу і навакольнае асяроддзе. Чым даўжэй чалавецтва жыве побач з розным смеццем, тым менш шанцаў у будучых пакаленняў нараджацца і жыць здаровымі.
Варта разумець, што рашэнне прадстаўленай праблемы павінна быць комплексным. А сутнасць эфектыўнага яе рашэння заключаецца ў тым, каб прыняць да ўвагі наяўнасць розных відаў адходаў і разумець, што ўтылізацыя кожнага з іх павінна рабіцца па-свойму, гэта значыць, у індывідуальным парадку.
Міхаіл Міхайлавіч не толькі расказаў навучэнцам школы пра праект, але таксама прадставіў сваю кнігу “Чаму знікла Сонейка”, якая была падрыхтавана ў яго рамках.
Вольга НЯКРАСАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Іўеўскай сярэдняй школы