“Надзейныя крылы – бяспека Айчыны” – пад такім дэвізам прайшла ў сярэдняй школе № 7 Смаргоні прафарыентацыйная сустрэча старшакласнікаў з прадстаўнікамі альма-матэр усіх авіятараў Беларусі – Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.
Наперадзе ў вучняў 9–11-х класаў важны жыццёвы этап – выбар прафесіі. Па словах намесніка загадчыка аддзела сярэдняй спецыяльнай адукацыі Максіма Лісоўскага, сярод асноўных пераваг можна назваць тое, што гэта ўстанова адукацыі адзіная ў нашай краіне, курсанты на працягу ўсяго тэрміну навучання маюць бясплатную форму і жыллё, а выпуснікі БДАА атрымліваюць элітарныя высокааплатныя спецыяльнасці.
Загадчык міжкафедральнай лабараторыі Ігар Федарынчык расказаў вучням пра ўмовы паступлення, прахадныя балы на разнастайныя спецыяльнасці Беларускай акадэміі авіяцыі. Выпускнікі акадэміі маюць магчымасць стажыроўкі ў вядучых арганізацыях авіяцыйнай галіны Рэспублікі Беларусь, блізкага і далёкага замежжа. Пасля завяршэння вучобы можна ўладкавацца на працу ў такія вядучыя арганізацыі нашай краіны, як Міністэрства транспарту і камунікацыі Рэспублікі Беларусь, авіякампанія “Белавія”, Нацыянальны аэрапорт Мінск і многія іншыя.
З выступлення прадстаўніка ваеннага факультэта палкоўніка Аляксандра Клюева старшакласнікі даведаліся пра спецыфіку атрымання ваенных спецыяльнасцей у БДАА.
Прагляд фільма расшырыў рамкі выступлення гасцей і дазволіў старшакласнікам ўбачыць тое, пра што гаварылася са сцэны.
Курсанты акадэміі падзяліліся перавагамі паступлення на аддзяленне сярэдняй спецыяльнай адукацыі, распавялі пра атрыманне надбавак да стыпендыі, а таксама парадавалі старшакласнікаў сваімі вакальнымі нумарамі.
Марыя ГОВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 7 Смаргоні