Пад такім дэвізам у дзіцячым садзе г. п. Мір прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
На працягу дня праз розныя віды дзейнасці дзеці ўсіх узростаў далучыліся да святкавання дзяржаўнага свята.
Самыя маленькія грамадзяне першай і другой малодшых групп разглядалі малюнкі роднай беларускай прыроды, беларускія цацкі, наведалі тэматычную экспазіцыю “Мая Радзіма”, дзе пазнаёміліся з гербам, сцягам краіны, Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а ў падарунак кожны атрымаў маленькае чырвонае сэрцайка з надпісам “ Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь!”
У групах сярэдняга і старшага дашкольнага ўзросту прайшлі тэматычныя заняткі па адукацыйнай вобласці “Дзіця і грамадства”, на якіх выхаванцы даведаліся, што галоўным законам краіны, які вызначае яе грамадскі і дзяржаўны лад, з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Пошукавыя сітуацыі дапамаглі зразумець юным грамадзянам, што гэты асноўны дакумент рэгламентуе ўсю дзейнасць дзяржавы. Праз гутаркі, разглядванне ілюстрацый, дыдактычныя гульні “Адкажы на пытанне”, “Складзі краіну”, “Сцяг і герб”, “Складзі герб” дзеці замацавалі свае веды пра Беларусь, галоўныя дзяржаўныя сімвалы краіны, іх гісторыю, апісанне, значэнне кожнага элемента. Пытанні віктарыны “Ці ведаеш ты сваю краіну” дапамаглі замацаваць і ўдасканаліць веды дзяцей.
Напрыканцы дня выстаўныя стэнды груп упрыгожыліся тэматычнымі малюнкамі.
А калі выхаванцы ўсіх груп выйшлі на прагулку, каля дзяржаўнага сцяга на будынку ўстановы адбылася святочная акцыя “Спяваем гімн разам”.
Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада г. п. Мір
Карэліцкага раёна