Як школьнікам арганізаваць свой вольны час, прымяніць на практыцы працоўныя навыкі, навучыцца новаму і карыснаму? Падлеткі Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна выконваюць рамонтныя работы, работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, пашыве пасцельнай бялізны.
На працягу некалькіх гадоў школа супрацоўнічае з упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Іўеўскага райвыканкама па арганізацыі і фінансаванні часовай працоўнай занятасці навучэнцаў.
У гэтым навучальным годзе ў якасці падсобных рабочых вучні засвоілі новы від дзейнасці – работы па рамонце кніжнага фонду, афармленні тэматычнага матэрыялу. Пад куратарствам бібліятэкара школы вучні аднаўлялі кнігі, афармлялі тэматычныя паліцы і стэнды. Бібліятэчныя стэлажы папоўніліся яркімі тэматычнымі папкамі “Вучым правілы дарожнага руху”, “Жыццё без небяспекі”, “Інтэрнэт-рэсурсы”, “Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь”, “Гульнявая экалогія”, “Правы дзiцяцi”, “Да году народнага адзінства”.
Бібліятэка змянілася, а шэсць працоўных дзён праляцелі вельмі хутка. Вучні правялі час з карысцю і зарабілі свае ўласныя грошы. Большасць з іх выказалі жаданне ўладкавацца на працу зноў.
Людміла СТАНКУЦЬ,
дырэктар
Геранёнскай сярэдняй школы
Іўеўскага раёна