У пачатку сакавіка ў Смаргонскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці стартавала экалагічная акцыя па зборы макулатуры “Папяровы бум”, мэтай якой было фарміраванне актыўнай пазіцыі дзяцей у галіне аховы навакольнага асяроддзя.
Такі выбар тэмы – збор макулатуры – невыпадковы. Папера – адзін з асноўных кампанентаў смецця ў кожнай кватэры, школе, дзіцячай установе. Адзін чалавек у сярэднім выкідвае да 150 кг паперы ў год. А для атрымання 1 тоны паперы расходуецца прыкладна 10 дрэў і 20 000 літраў вады. Здаючы макулатуру на другасную перапрацоўку, можна не толькі скараціць памеры звалак, але і значна зэканоміць прыродныя рэсурсы, знізіць забруджванне вады.
У намечаны тэрмін арганізавалі пункт прыёму макулатуры. На групах развесілі агітацыйныя плакаты, правялі статыстыку і ўлік сабранай макулатуры. З вялікім энтузіязмам у акцыі ўдзельнічалі выхаванцы і бацькі, якія прыносілі старыя газеты, часопісы, кнігі, кардонныя ўпакоўкі. У выніку мы сабралі 1500 кг макулатуры. Кожныя 80 кг макулатуры выратоўваюць адно дрэва. Значыць, мы выратавалі 18–20 вялікіх дрэў!
Самыя актыўныя ўдзельнікі акцыі “Папяровы бум” атрымалі ўзнагароды, а групы, якія сабралі найбольш макулатуры, узнагароджаны дыпломамі і памятнымі прызамі.
Наталля КОЛВЗАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Смаргонскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці