У Гезгалаўскім яслях-садзе арганізавана дзейнасць па фарміраванні ў дзяцей прававых ведаў. “Мы маем правы” – пад такой назвай у сакавіку праводзіўся цыкл гульняў-заняткаў у групе інтэграванага навучання і выхавання.
У гульнявой форме выхаванцы ўспомнілі ўжо вядомыя ім правы, даведаліся пра новыя. Дапамагла ім у гэтым цуда-кветачка “Правы дзіцяці”, на кожным пялёстку якой запісаны асноўныя правы дзяцей.
Так, інсцэніроўка педагогам і дзецьмі добра вядомай казкі “Калабок” садзейнічае не толькі таму, што дашкольнікі называюць, якое права парушыла Ліса (права на жыццё), але і спрыяе развіццю культуры маўленчых зносін, дапамагае выхоўваць асновы бяспечных паводзін. Казка “Калабок” дае маральны ўрок дзецям: Калабок, не спытаўшы дазволу ў дарослых, пайшоў з дому. Менавіта таму падарожжа так дрэнна для яго скончылася. Звяртаем увагу дзяцей на тое, што навакольны свет можа быць небяспечным для дзіцяці – трэба быць уважлівым і слухаць дарослых, каб пазбегнуць магчымых небяспек. Сустрэча з кожным з казачных герояў знаёміць Калабка (дзіця) з рознымі якасцямі, уласцівымі і людзям. Такім чынам, казка вучыць дзіця быць асцярожным у зносінах з незнаёмымі людзьмі, не давяраць ім, каб не быць падманутым (“з’едзеным”, як Калабок).
Выконваючы ролі герояў казкі “Калабок” (Калабка, Зайца, Воўка, Мядзведзя, Лісы), дашкольнікі падсвядома ўбіраюць жыццёва важныя для сябе правілы паводзін, спосабы вырашэння розных складаных сітуацый, прынцыпы маральнасці: што такое добра і што такое дрэнна. Усё гэта робіць казку не толькі цікавай і хвалюючай для дзяцей, але і незаменнай для фарміравання маральна здаровай асобы. Былі ўзгаданы і іншыя казкі, у якіх парушана права на жыццё.
Наглядны матэрыял, дыдактычнае аснашчэнне, казачныя героі – усё гэта спрыяе фарміраванню ў выхаванцаў уяўленняў пра свае правы, вучыць спосабам наладжвання адносін з іншымі людзьмі на аснове ведаў пра свае правы. Такім чынам, паступова працягваецца фарміраванне прававой дасведчанасці дашкольнікаў.
Галіна ГАЎРОШ,
педагог сацыяльны
Гезгалаўскага ясляў-сада
Дзятлаўскага раёна