З мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця сярод навучэнцаў пачатковых класаў у Нацкіх яслі-садзе – сярэдняй школе Воранаўскага раёна праводзіўся тыдзень здароўя. Галоўнай задачай тыдня было навучыць дзяцей выкарыстоўваць асноўныя правілы здароўезберажэння ў паўсядзённым жыцці.
Кожны дзень тыдня быў прысвечаны асобнаму кірунку: гігіена, спорт, харчаванне, прафілактыка захворванняў, рэжым дня. Мерапрыемствы максімальна цікавілі навучэнцаў і ўцягвалі ў актыўную працу.
У першы дзень адбылося адкрыццё тыдня агульнай лінейкай, дзе казачныя героі павіталі дзяцей і пажадалі ім поспехаў у падарожжы па Краіне Здароўя. Затым у кожным класе прайшла інфармацыйная гадзіна “Мода на здароўе”, на якой дзеці ўзгадалі прынцыпы здаровага харчавання. На другі дзень была арганізавана сустрэча з медыцынскім работнікам, якая расказала дзецям асноўныя правілы прафілактыкі прастудных захворванняў; таксама прайшла дыскусія “Што такое каронавірус”. У трэці дзень адбылася прэзентацыя стэнда “Мы за ЗЛЖ”, на якім малодшых школьнікаў пазнаёмілі з памяткамі і рэкамендацыямі па захаванні здароўя.
Каб нагадаць дзецям пра важнае значэнне актыўнага сямейнага адпачынку і здаровых звычаку сям’і, быў прапанаваны конкурс плакатаў “Спорт! Здароўе! Прыгажосць!”, у якім прынялі ўдзел не толькі навучэнцы, але і іх бацькі. Асаблівую актыўнасць праявілі бацькі першакласнікаў.
У чацвёрты дзень праводзілася гульня па станцыях “Падарожжа ў Краіну Здароўя”. Цікавыя заданні чакалі дзяцей на станцыях “Зарадкіна”, “Навуковая”, ”Гульнявая”, “Вітамінная”, “Народная мудрасць”.
У пяты дзень у кожным класе прайшлі класныя гадзіны “Сябры Мыйдадзіра”, “Калі хочаш быць здаровы…”, “У шлях-дарогу збірайся, за здароўем адпраўляйся”.
У канцы тыдня былі падведзены вынікі, выяўлены самыя актыўныя ўдзельнікі, а таксама пераможцы ў розных конкурсах, на агульнай лінейцы ўсім уручаны граматы і прызы.
Можна з упэўненасцю сказаць, што тыдзень здароўя ў пачатковых класах прайшоў у атмасферы творчасці і супрацоўніцтва. Дзякуючы праведзеным мерапрыемствам, дзеці будуць адносіцца да свайго здароўя як да самай важнай каштоўнасці ў іх жыцці.
Валянціна РУСЯЛЕВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна