У сярэдняй школе № 2 Скідзеля ўжо стала добрай традыцыяй правядзенне аднаго з самых старажытных свят – Саракі.
У гэты дзень, лічылі нашы продкі, прылятае 40 выраяў. Жанчыны выпякалі з цеста 40 булачак у выглядзе птушак. Дзеці тройчы аббягалі хату, залазілі на страху і спявалі вясновыя песні:
Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце,
А зімачку прыбярыце…
Вучні з вялікай цікавасцю слухалі пра тое, што саракі – гэта дзень 40 пакутнікаў, душы якіх, на думку продкаў, ператвараліся ў жаўрукоў. Лічба, што ўваходзіць у назву свята, сустракаецца ў розных павер’ях і абрадавых дзеяннях. Сяляне лічылі, што ў гэты дзень, 22 сакавіка, сарока пачынае віць гняздо і прыносіць для яго 40 пруткоў.
Былі свае прыметы наконт надвор’я: калі снег у гэты дзень ляжыць на стрэхах, то яшчэ будуць устойлівыя халады. Сяляне наглядалі за палётам жураўлёў: калі птушкі ляцяць па адной, то будзе добры ўраджай жыта, а калі па дзве, то і збожжа будзе мала (прыйдзецца дзяліцца).
Вучні ўспомнілі старажытныя абрады і пастараліся выканаць іх: хлопцы перакідалі цераз страху 40 трэсак, каб улетку ім пашанцавала, а дзяўчаты пераломвалі 40 дошчачак і перарывалі 40 вяровачак, каб наблізіць надыход цяпла.
Дзеці ў гэты дзень весяліліся, спявалі песні, вадзілі карагоды, гулялі ў беларускія народныя гульні, адгадвалі загадкі пра птушак.
Свята Саракі як бы вяртае дзяцей да адзінства з прыродай, выхоўвае любоў да яе. Правядзенне такіх мерапрыемстаў садзейнічае фарміраванню экалагічнай культуры вучняў, цікавасці да абрадаў і звычаяў беларускага народа.
Алена ВАЎЧОК,
класны кіраўнік 8 “В” класа
сярэдняй школы № 2 Скідзеля