Адукацыйны праект “Дашкольнік-фінансіст”, прымеркаваны да Міжнароднага дня фінансаў дзяцей і моладзі, які адзначаецца ў сакавіку, прайшоў у старшай групе № 12 дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 г. п. Зэльва.
Лічу, што дзяцей неабходна знаёміць з фінансамі з ранняга дзяцінства. Дзеці 4–5 гадоў паступова знаёмяцца са светам фінансаў: ходзяць з бацькамі ў крамы, а хутка будуць атрымліваць невялікія сумы на кішэнныя расходы. Таму важна фарміраваць у іх граматныя фінансавыя паводзіны.
Адукацыйны праект праходзіў у зразумелай дзецям гульнявой форме. Першай тэмай быў “Сямейны бюджэт”. Падрабязна пазнаёміліся са спосабамі заробку бацькамі. Гэта неабходна для таго, каб дзеці маглі зразумець, што кожны дзень мама і тата павінны хадзіць на працу, каб у канцы месяца атрымаць зарплату, на якую іх сям’я будзе жыць на працягу месяца. Выхаванцы зразумелі ўсе складнікі сямейнага бюджэту і на што ён траціцца.
Прайшлі тэматычныя заняткі, на якіх дашкольнікі даведаліся, што такое грошы, пазнаёміліся з гісторыяй іх узнікнення і навошта яны патрэбныя ў сучасным свеце, высвятлілі, што такое безнаяўныя плацяжы, і асвоілі гульнявы банкамат-трэнажор.
З дапамогай сюжэтна-ролевай гульні “Банк” выхаванцы даведаліся пра прафесію банкіра, што такое банкаўская пластыкавая карта, тэхніка бяспекі выкарыстання банкаўскіх карт.
У сюжэтна-ролевай гульні “Крама” дзеці адпрацоўвалі навыкі “неабходных пакупак” і “жаданых пакупак”.
Важна растлумачыць дзіцяці, што няправільнае абыходжанне з грашыма можа прывесці да спусташэння. Дзіцяці трэба дапамагчы ў засваенні фінансавай дасведчанасці, але не рабіць усё за яго. Дзіця, якое з дзяцінства ведае цану грошай і спосабы іх заробку, з вялікай верагоднасцю ў дарослым жыцці стане паспяховым чалавекам.
Кацярына ЛАМЕКА
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 г. п. Зэльва