22 сакавіка вучні 9-га класа Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна прымалі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці тыдня фінансавай дасведчаннасці ААТ “Беларуская фондавая біржа” у анлайн—рэжыме ў фармаце Zoom.
Адкрыццё тыдня адбывалася на міжнародным узроўні. Ад Рэспублікі Беларусь удзельнічалі 50 школ, сярод іх і мы. Не дзіўна, бо ў лютым гэтага года вучні годна вытрымалі складаны іспыт – рэспубліканскую кантрольную работу па кірунку “Фінансавая дасведчанасць”, у якой не атрымалі ніводнай адзнакі, ніжэйшай за 8.
Вучням было вельмі цікава і адказна. Яны даведаліся пра тое, што такое біржа і якія біржы бываюць, чым адрозніваюцца аблігацыі і акцыі, хто ўдзельнічае ў таргах на біржы, што такое сацыяльная інжынерыя.
Сустрэча і дыялог былі вельмі карыснымі для маладога пакалення, таму што фінансавая дасведчаннасць – гэта залог поспеху ў будучым. Моладзь павінна быць падкавана ў фінансавым плане, павінна ўмець зарабляць і зберагаць грошы. А магчыма, такая сустрэча дапаможа некаторым дзецям і вызначыцца з будучай прафесіяй.
Галіна ІСАЕНКА,
дырэктар Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна