Матывацыйная сустрэча з Аляксеем Талаем

- 13:09ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

31 сакавіка ў Смаргонскім раённым цэнтры культуры адбылася доўгачаканая сустрэча з вядомым беларускім параалімпійцам Аляксеем Талаем. На сустрэчу былі запрошаны ў тым ліку і навучэнцы школ горада.

Матывацыйны спікер, заснавальнік дабрачыннага фонду, паспяховы бізнесмен і, самае галоўнае, бацька чатырох дзяцей, Аляксей расказваў пра сябе, пра няпростае, поўнае жыццёвых выпрабаванняў жыццё, якое наканаваў яму лёс. Калецтва знявечыла яго фізічна, але не маральна. Ён стаў моцным, упэўненым у сабе чалавекам. Чалавекам, здольным весці за сабой.

Аляксею было 16 гадоў, калі напярэдадні святкавання Дня Перамогі , 8 мая 1999 года, ён падарваўся на міне, якая праляжала ў зямлі яшчэ з часоў вайны. “Апошняя ахвяра вайны”, – так пра яго пісалі СМІ. Было цяжка, балюча і страшна. Але ён быў не адзін. Побач была сям’я. Жонка, якой Аляксей будзе ўдзячны заўсёды, і дзеці, дзеля якіх ён узняўся над сваёй бядой, над самім сабой.

Неаднаразова на працягу ўсёй сустрэчы Аляксей звяртаўся са словамі падзякі да сваёй сям’і, падкрэсліўшы, што сям’я – вось тое галоўнае, на чым трымаецца грамадства. А яшчэ моцна трымала мужчыну вера ў сябе і ў свае сілы.

Другая частка сустрэчы праходзіла ў фармаце “адкрытага мікрафона”, калі кожны з прысутных мог задаць сваё пытанне. Падчас размовы з гледачамі, госць сустрэчы падрабязна расказаў пра вынікі паседжання канстытуцыйнай камісіі. Аляксей засяродзіў увагу на тым, як плануюць абнавіць галоўны закон краіны, і ўсё гэта будзе адбывацца не без удзелу грамадства. “Не будзьце абыякавымі да свайго жыцця, да жыцця краіны, у вашых руках ваша будучыня”, – зазначыў госць сустрэчы. А на запытанне пра асноўныя метады выхавання, якіх прытрымліваеццца шматдзетны бацька, сціпла адказаў: “Галоўнае – дысцыпліна і давер у сям’і”.

Як сябра ЮНІСЭФ у Беларусі па праграме інваліднасці, Аляксей дапамагае хворым дзецям, людзям з інваліднасцю. Ён сам змагаўся за жыццё і перамог. А сёння прымушае жыць іншых.

У кожнага з нас ёсць свае жыццёвыя мэты і арыенціры. Будзем спадзявацца, што яны будуць такімі жа паспяховымі, як у Аляксея Талая.

 

Вольга ІЛЬІНА,
класны кіраўнік 5 “А” класа 
сярэдняй школы № 3 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий