Наталля БУТУРЛЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-саа № 34 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць
З мэтай фарміравання цікавасці і любові да мастацкага слова ў яслях-садзе № 34 Ліды для выхаванцаў спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкiмi парушэннямi маўлення створаны бібліятэчна-рэлаксацыйны цэнтр.
Цэнтр размясцілі ў групавым памяшканні каля вокнаў, удалечыні ад месцаў актыўных гульняў дзяцей. Напоўнілі гэты куток дзіцячымі энцыклапедыямі, ілюстраванымі выданнямі пра жывёльны і раслінны свет планеты, пра жыццё людзей, дзіцячымі часопісамі, альбомамі, паштоўкамі пра знакамітыя месцы роднага горада і краіны. Гэта забяспечыла выкананне прынцыпу праграмнай адпаведнасцi. Таксама тут размясцілі прадметы і матэрыялы для спакойных індывідуальных гульняў выхаванцаў.
Каб цікавасць да кніг не згасла, мы разам з дзецьмі і іх бацькамі вырашылі арганізаваць калекцыю “незвычайных кніг”. Усім спадабалася гэтая ідэя. Кніг прынеслі шмат. “Незвычайныя кнігі” – гэта серыя кніг “Мае першыя адкрыцці!”, “Пагладзь мяне! Хто мой сябрук?”, “Поры года”, дзе казачныя героі загадваюць дзецям незвычайныя і вясёлыя загадкі ў вершах, кніжкі – падвойныя застаўкі, кнігі-пазлы, кніжкі-панарамкi. Цяпер кожнае дзіця можа самастойна, па сваім гусце выбраць кнігу і “пачытаць” яе.
Падрыхтаваны альбомы з ілюстрацыямі “У лесе”, “Жывёлы”, энцыклапедыi ў малюнках “На моры”, “На ферме”. Перагортваючы старонкі з маляўнічымі фатаграфіямі, выхаванцы з цікавасцю пазнаюць навакольны свет прыроды, акунаюцца ў царства раслін і жывёл. Кніжныя дапаможнікі спрыяюць актывізацыі ўвагі, развіццю літаратурнай цікавасці дзяцей, правільнага абыходжання з кнігай.
Мною арганiзавана тэматычная выстава “Я люблю беларускую мову”, дзе размешчаны кнігі сучасных беларускіх аўтараў: серыя кніг “Таямніцы беларускай мовы”, “Словы родныя народныя”, “Маленькi прафесар”, “Адным словам не сказаць”, “Падарожжа па роднай краіне”, серыя кніг “Беларускія пісьменнікі дзецям” – А.Зэкаў “Праўда i лухта пра вусатага ката”, А.Якімовіч “Ветлiвыя словы”, серыя кніг “Бiблiятэка Асветыка” – У.Ягоўдзiк “Прыродны азбукоўнiк” і г. д.
Задачай выставы было пазнаёміць дзяцей з некаторымі асаблівасцямі рускай і беларускай мастацкай мовы (эпітэты, казачныя паўторы), вучыць эмацыйна пераказваць літаратурны твор, ацэньваць учынкі герояў, выказваць сваю думку. Выхаванцы мелі магчымасць самастойна выбраць кнігу, спакойна і сканцэнтравана разгледзець ілюстрацыі, шмат разоў вярнуцца да эпізода, якi іх усхваляваў. Уважліва разглядаючы ілюстрацыі, дзецi далучалiся да выяўленчага мастацтва, вучылiся бачыць і разумець графічныя спосабы перадачы літаратурнага зместу.
Працуючы ў “Творчай майстэрні”, выхаванцы пабывалі ў ролі выдаўцоў, стварылі з каляровай паперы “кніжкі ў далоньцы”, напоўнілі кніжкі ўласнымі малюнкамі са знаёмых твораў.
Таксама была аформлена выстава сумесных работ дзяцей і бацькоў. Бібліятэчна-рэлаксацыйны цэнтр папоўніўся гульнявым матэрыялам і дапаможнікамі, створанымі на віртуальным майстар-класе “Творчая майстэрня”. Сумесны выраб бацькамі з дзецьмі кніг-трансформераў “Энцыклапедыя ў кішэні”, даступнасць матэрыялу, адносная лёгкасць і нескладанасць выканання аб’ёмных формаў з паперы з дапамогай тэхналагічных картаў-схемаў зрабілі працэс мастацкай творчасці дзяцей і бацькоў цікавым і карысным. Яны з захапленнем канструявалі і дэкаравалі кнігі-трансформеры.
Аўтарскія работы дзяцей, бацькоў і педагогаў атрымаліся арыгінальнымі, незвычайнымі, яркімі, сталі сапраўдным упрыгожваннем бібліятэчна-рэлаксацыйнага цэнтра.
Кнігі-трансформеры “Энцыклапедыя ў кішэні” лічацца ідэальнымі для сямейнага вольнага часу: іх можна разглядаць разам з дзіцём, лёгка чытаць (у камплекце маецца складная лупа), зручна ўзяць з сабой у дарогу з сябрамі. Яны, бясспрэчна, маюць і практычную карысць: трэніруюць увагу і памяць, развіваюць прасторавае і лагічнае мысленне, стымулююць уяўленне і фантазію, фарміруюць эстэтычны густ.