7 красавіка адзначаецца Сусветны дзень здароўя. З нагоды гэтай даты ў сярэдняй школе № 5 Смаргоні праводзіцца тыдзень здаровага ладу жыцця. Самы актыўны ўдзел у ім прымаюць вучні 1 “В” класа.
Кожны дзень першакласнікаў насычаны мерапрыемствамі, у якіх галоўная ўвага надаецца правільнаму харчаванню, шкодзе дрэнных звычак, уласнай гігіене, актыўнаму адпачынку.
У класе вучні наладзілі выставу малюнкаў “Я займаюся спортам”. Таксама на перапынках мы развучваем аздараўленчыя размінкі і пальчыкавую гімнастыку, праводзім рухавыя гульні падчас прагулак у групе падоўжанага дня.
Каб больш дакладна даведацца пра ўплыў актыўнага адпачынку і заняткаў фізкультурай і спортам на здароўе школьнікаў, мы запрасілі ў госці ўрача-валеолага Смаргонскага ЦЭГ А.І.Кундро. Алена Іванаўна вельмі цікава і даступна расказала першакласнікам, што спартыўныя заняткі дапамагаюць дзецям расці дужымі, актыўнымі, здаровымі. Той, хто катаецца на веласіпедзе, гуляе ў футбол, плавае ў басейне, менш хварэе, лепш вучыцца, мае спартыўны выгляд. Валеолаг нагадала пра правільную размінку перад заняткамі спортам і катаннем на веласіпедзе, адказала на пытанні вучняў пра гігіену рук.
Напрыканцы сустрэчы дзеці паабяцалі, што атрыманыя веды будуць дакладна рэалізоўваць у жыцці.
Таццяна МУСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 5 Смаргоні