Штогод сумесна з Міністэрствам адукацыі Беларусі і РУП “Белпошта” арганізуецца нацыянальны этап Міжнароднага маладзёжнага конкурсу сачыненняў эпісталярнага жанру, які праводзіцца пад эгідай Сусветнага паштовага саюза. На Магілёўшчыне былі падведзены вынікі абласнога этапу гэтага творчага спаборніцтва.
У абласным этапе конкурсу прынялі ўдзел вучні да 15 гадоў. Было прадстаўлена 30 работ, з іх сем напісана на беларускай мове. Сёлета цікавасць да конкурсу была выклікана актуальнасцю прапанаванай тэмы “Напішы ліст да члена сям’і пра свой вопыт у дачыненні да пандэміі COVID-19”. Члены абласнога журы, у склад якога ўвайшлі настаўнікі беларускай і рускай мовы і літаратуры горада Магілёва, а таксама метадысты МДАІРА, адзначылі, што прапанаваная тэма не пакінула абыякавым ніводнага з юных удзельнікаў.
Усе сачыненні ўяўлялі сабой пранізлівая сямейныя гісторыі, напоўненыя разгубленасцю і надзеяй на лепшае, трагізмам і ўпэўненасцю, бязвыхаднасцю і ўдзячнасцю медыкам. Тыя пачуцці, якія вучні выказалі ў сваіх лістах, звяртаючыся да сваіх бабуль, дзядуль, сясцёр, братоў, будучых дзяцей і, канешне ж, да маці і бацькі, аказаліся настолькі шчырымі, што толькі пацвярджаюць, што дзеці ўсё разумеюць і перажываюць не менш за дарослых.
Аказалася, што тэма сачынняў вельмі блізкая кожнаму з канкурсантаў, бо ад пандэміі пацярпелі або блізкія родныя, або знаёмыя, або самі дзеці хварэлі на каронавірус. Адна дзяўчынка адважылася напісаць пра страту самага дарагога ў жыцці чалавека – маці. Чытаючы такія радкі, адчуваеш, як макрэюць вочы… Да таго ж кожны тэкст суправаджаўся малюнкам, які візуальна ўдакладняў думкі аўтараў.
Журы было вельмі складана вызначыцца, бо ў аснове кожнага сачынення была ненадуманая жыццёвая гісторыя. Пасля доўгага абмеркавання пераможцам абласнога этапу была прызнана работа вучаніцы сярэдняй школы № 10 Бабруйска Алісы Бобрык. Другое месца – у вучня сярэдняй школы № 21 Бабруйска Арцёма Быстрымовіча, а трэцяе – у вучаніцы ясляў-сада – сярэдняй школы № 44 Магілёва Карыны Скрабуновай. Менавіта іх лісты больш за іншых уразілі членаў журы.
Уладальнікі дыпломаў першай і другой ступені ў хуткім часе прымуць удзел у рэспубліканскім этапе 50-га Міжнароднага маладзёжнага конкурсу эпісталярнага жанру.
Святлана МАЛІНОЎСКАЯ,
метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін
Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі