Нетрадыцыйны занятак па адукацыйнай галіне “Мастацкая літаратура”. Тэма: “Завучванне на памяць верша Я.Коласа “Вясна”

- 9:21Дошкольное образование. Идеи, Методичка

(для выхаванцаў старшай группы)

 

Таццяна ЖОГЛА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Санаторны яслі-сад № 38 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

 

 

Вядома, што далучэнне да роднай мовы садзейнічае не толькі ўзбагачэнню мовы дзяцей, але і развівае іх пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці, пашырае веды пра беларускую культуру.

Хоць наша ўстанова i з’яўляецца рускамоўнай, але мы шмат увагi надзяляем развiццю менавіта беларускага маўлення дзяцей. У нашым дзіцячым садку кожны чацвер мы размаўляем на беларускай мове. Як вядома, слуханне i разумение – гэта першая ступень авалодвання мовай. Таму, калі дзеці слухаюць выхавальніка, яны вучацца разумець пачутае, успрымаць беларускую мову. А нядаўна ў яслях-садзе прайшоў тыдзень беларускай мовы “Беларусь – мая Радзіма!”

Паспяховаму авалодванню маўленчымі навыкамі дзяцей на беларускай мове спрыяе арганізацыя спецыяльных заняткаў на беларускай мове “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”, “Мастацкая літаратура”. У працэсе слухання твораў мастацкай літаратуры і фальклору ў дзяцей дашкольнага ўзросту назіраецца асаблівая цікавасць да гучання мастацкага слова. Яны адчуваюць яго мілагучнасць, рытмічнасць, заўважаюць і паўтараюць вобразныя выразы, удалыя і трапныя параўнанні.

Жадаючы пазнаёміць дзяцей з жыццём і творчасцю беларускага народнага паэта-песняра Я.Коласа, я правяла цікавы і нетрадыцыйны занятак для выхаванцаў старшай группы па адукацыйнай галіне “Мастацкая літаратура” па тэме “Завучванне на памяць верша Я.Коласа “Вясна”.

Вясна – самая любімая пара года паэта, ён прысвяцiў ёй шмат сваіх твораў. Вобразы пораў года ў творах Я.Коласа фарміруюць ва ўражлівай дзіцячай душы такія найдаражэйшыя для кожнага з нас рысы, як любоў да Радзімы, да прыроды, да ўсяго жывога.

Для найбольш паспяховага ўспрымання паэтычнага твора, а таксама каб выклікаць цікавасць да тэмы занятка i творчасцi беларускага пiсьменнiка, у групе было арганiзавана развiццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе, якое адпавядала ўзроставым асаблівасцям маіх выхаванцаў, тэме занятка. Увесь матэрыял і абсталяванне былi рацыянальна размешчаны i эстэтычна аформлены. У кніжным кутку была арганiзавана выстава кнiг Я.Коласа, партрэт пісьменніка, а таксама на наглядным палатне размясцілiся карціны i рэпрадукцыі да мастацкага твора. На занятку дзеці праглядзелі прэзентацыю “Віртуальная экскурсія па хаце-музеі Я.Коласа”, праслухалi аўдыёзапісы музычных твораў на словы беларускага песняра.

Каб зацікавіць дзяцей, наладзiць на занятак, выкарыстала сюрпрызны момант: да дзяцей у госцi завiтала прыгажуня Вясна, якая ў сваiм кошыку прынесла і загадкі, і казкі, і песні, і народныя прыкметы, і вершы.

На працягу занятка дзецi гулялі ў дыдактычныя гульнi “Назавi прыметы вясны” і “Колеры вясёлкi”. Забеспячэнню змены віду дзейнасці і аптымальнага рухальнага рэжыму на занятку садзейнiчала рухомая гульня “Міхасік”.

На занятку выкарыстоўвала розныя метады і прыёмы (славесны, наглядны, практычны і гульнявы), накіраваныя на прыцягненне ўвагі выхаванцаў.

Арыенціроўку дзяцей на новы літаратурны твор “Вясна” Я.Коласа я пачала з выразнага чытання. Распавядала павольна, не спяшаючыся, каб дзеці мелі магчымасць асэнсаваць яго змест, адчуць прыгажосць мовы, на якой ён напісаны.

З мэтай актывізацыі дзяцей у працэсе мастацка-маўленчай дзейнасці выкарыстоўвала прыёмы, якія арганічна аб’ядноўвала з гутаркай па змесце твора. Падчас гутаркi дзеці авалодвалi навыкамі і ўменнямі элементарнага эмацыйна-вобразнага аналізу твора, выказвалi сваё эстэтычнае стаўленне да яго.

У практыцы работы з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту я часта выкарыстоўваю метад нагляднага мадэлявання пры складанні казак, апавяданняў, цікавых гісторый з вопыту саміх дзяцей, пры пераказах мастацкіх твораў, пры завучваннi вершаў на памяць. Так, распрацаваная мною схема-мадэль да верша “Вясна” прынесла станоўчыя вынікі: мае выхаванцы паслядоўна, з лёгкасцю запомнiлi літаратурны рыфмаваны тэкст i здолелi выразна яго перадаць, бо перад вачыма быў наглядны план. Дзецi чыталi верш на памяць па частках, выконвалi яго цалкам з адпаведнай інтанацыяй. Знаёмства з лiтаратурным творам вядомага беларускага паэта-песняра Я.Коласа спрыяла развіццю ў дзяцей эстэтычнага ўспрымання тэксту, выхаванню мастацкага густу, а таксама было накiравана на тое, каб выхаванцы не толькі пачулі мастацкі твор, але і адчулі яго ў сваіх сэрцах.

А самае галоўнае, беларуская мова гучыць у групе не толькі на занятках, але і ў штодзённым жыцці. Дзеці з цікавасцю выказваюць свае думкі на беларускай мове, ведаюць шмат беларускіх вершаў, калыханак, забаўлянак, лічылак.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий