Штогод вучні і настаўнікі сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны прымаюць удзел у рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”. І гэты год не выключэнне. 5 красавіка ва ўстанове адукацыі быў дадзены старт экамарафону “На “зялёнай хвалі”, які прысвечаны Году народнага адзінства і аднаўленню лясных масіваў.
На працягу тыдня валанцёрскія атрады, а таксама работнікі ўстановы адукацыі аказваюць дапамогу Бераставіцкаму і Свіслацкаму лясніцтвам у пасадцы дрэў. Рукамі дзяцей і дарослых пасаджана не адна сотня ёлак і бяроз. Валанцёры адзначаюць, што адчуваюць асаблівае трапятанне ад разумення таго, што праз усяго некалькі гадоў, дзякуючы ў тым ліку і іх ўкладу ў агульную справу, гэтыя маленькія дрэўцы ператворацца ў вялікі прыгожы лес.
Дзякуючы сонечнаму і цёпламу надвор’ю ўдзельнікі акцыі не толькі ўнеслі свой уклад у паляпшэнне экалогіі малой радзімы, але і адпачылі на свежым паветры, атрымалі зарад бадзёрасці, змаглі пачаставацца гарачымі бутэрбродамі, прыгатаванымі на агні.
У ходзе экамарафону ў нашай школе запланавана шмат мерапрыемстваў. Так, напрыклад, у шосты школьны дзень цімураўцы адправяцца ў экалагічны патруль “Чысты лес пачынаецца з цябе”, дадзены старт акцыіі “Здай макулатуру – зберажы дрэва”.
Мерапрыемствы экалагічнага кірунку прадоўжыцца і далей, але ўжо ў межах тыдня экалогіі, які пачнецца 20 красавіка і будзе прысвечаны 35-годдзю з дня Чарнобыльскай катастрофы.
Таццяна ПАЛАНЕЙЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны
Береставіцкага раёна