Калі толькі захацець – можна ў космас паляцець

- 17:09ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Сярэдняя школа № 16 Гродна – адметная, школа роўных магчымасцей, дзе вучацца дзеці з асаблівымі адукацыйнымі патрабаваннямі разам з вучнямі, якія не маюць парушэнняў псіхафізічнага развіцця. У спецыяльным 4 “В” класе для дзяцей з парушэннямі слыху працуе творчы настаўнік Святлана Шрэйдзер, яна арганізоўвае для дзяцей цікавыя тэматычныя дні.

У школе шэсць класаў інтэграванага навучання і выхавання, адзін спецыяльны клас, дзе адукацыю атрымліваюць вучні з парушэннямі слыху, кампенсаванага кахлеарным імплантам (слыхавым апаратам), вучні з аутыстычнымі парушэннямі. 25 “асаблівых” вучняў адчуваюць сябе часткай школьнага калектыву, актыўна ўдзельнічаюць у класных і школьных мерапрыемствах, перамагаюць у конкурсах. Сярод вучняў няма адрозненняў, яны разам вучацца, адпачываюць, набываюць новых сяброў.

У спецыяльным 4 “В” класе для дзяцей з парушэннямі слыху працуе творчы і крэатыўны настаўнік Святлана Шрэйдзер. Гэта педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, мае адукацыю настаўніка пачатковых класаў, настаўніка рускай мовы і літаратуры, працоўнага навучання, настаўніка-дэфектолага. Гэты шматгранны педагог укараняе ў адукацыйны працэс новыя формы і метады работы, што важна пры навучанні і выхаванні дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрабаваннямі. Як вядома, навучанне дзяцей з парушэннямі слыху патрабуе асаблівых умоў: візуалізацыі інфармацыі, структуравання вучэбнага матэрыялу, забеспячэння лагічнасці выкладання тэмы. Святлана Уладзіміраўна актыўна прымяняе інфармацыйныя камунікатыўныя тэхналогіі. Урокі па розных прадметах праводзяцца ў творчай атмасферы – урокі-падарожжы, урокі-гульні, вэб-квесты, qr-квесты, аудыятуры, музейныя заняткі.

Традыцыйнымі сталі тэматычныя дні: дзень роднай мовы, дзень беларускай міфалогіі, дзень леса, дзень птушак і іншыя.

Вось і 12 красавіка прайшоў у 4 “В” незвычайна. Гэта быў сапраўды “касмічны” дзень пад дэвізам “Калі толькі захацець – можна ў космас паляцець”. На матэматыцы вучні выконвалі незвычайную “касмічную” кантрольную работу. На ўроку беларускай мовы складалі “касмічны” слоўнік, а на працоўным навучанні сваімі рукамі змайстравалі ракеты з паперы. Але і гэта яшчэ не ўсё: класная гадзіна была прысвечана беларускім касманаўтам, дзе вучні прэзентавалі паведамленні з гісторыі беларускай касманаўтыкі. А кульмінацыяй “касмічнага” дня стаў флэшмоб “Усміхніся, як Юрый Гагарын”.

Зразумела, што такія незвычайныя ўрокі застануцца ў памяці вучняў надоўга. Таму Святлана Уладзіміраўна кожны дзень з самаадданасцю, з натхненнем рыхтуецца да ўрокаў, падбірае шмат дадатковага матэрыялу, які дапамагае лепш засвоіць тую ці іншую тэму. Актыўна працуе настаўнік з дзецьмі і бацькамі ў вайберы, WhatsApp і Zoom.

Святлана Уладзіміраўна актыўна дзеліцца вопытам па навучанні і выхаванні дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі з калегамі на семінарах, канферэнцыях, трансліруе свае метадычныя напрацоўкі ў часопісах.

 

Вольга САЎЧЫК,
к
іраўнік творчай групы “Школа роўных магчымасцей”,
настаўнік-дэфектолаг
сярэдняй школы №
 16 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий