Пакаленне цімураўцаў XXI стагоддзя

- 10:52ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Цімураўскі атрад “Дабрыня” Гервяцкай сярэдняй школы Астравецкага раёна працягвае традыцыі бескарыслівай дапамогі, закладзеныя цімураўцамі яшчэ 80 год назад.

Які ён – вобраз цімураўца XXI стагоддзя?

“Проста трэба добрым быць і дабро тварыць на зямлі спяшыць!” – такі дэвіз цімураўскага атрада “Дабрыня”, членамі якога з’яўляюцца вучні 5–7-х класаў. Як і першыя цімураўцы, нашы дзеці аказваюць рознабаковую дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і іх сем’ям, адзінокім пажылым людзям у межах акцый “Ветэран жыве побач”, “Дом без адзіноты”, “Цёплы дом”.

Сваю дзейнасць цімураўцы ажыццяўляюць на аснове складзенага імі “Кодэкса цімураўца”. Кожны год у верасні і студзені цімураўцы праводзяць “Разведку карысных спраў” з мэтай выяўлення людзей, якім патрэбна дапамога. Па выніках такой разведкі актыў атрада састаўляе “План ВПС (Вельмі Патрэбнай Справы)”, у межах якога ў далейшым дапамога і ажыццяўляецца.

Не так даўно цімураўцы ўкаранілі ў сябе практыку работы ў міні-праектах. Ідэя формы эфектыўнай работы прапанавана членамі валанцёрскага атрада “Надзея”. Яны ж арганізавалі навучанне цімураўцаў методыцы арганізацыі работы ў гэтым напрамку ў межах Школы актыву, якая створана з мэтай раскрыцця лідарскага патэнцыялу падлеткаў, навучання іх асаблівасцям арганізацыі сацыяльна значнай дзейнасці.

Цімураўцы распрацавалі і рэалізавалі з акцябратамі праекты “Акцябрацкая гульнятэка” і “Горад маленькіх майстроў”. Асаблівасць міні-праекта ў тым, што ён караткачасовы, распрацоўваецца самімі дзецьмі, не патрабуе афіцыйнасці, будуецца ў форме пытанняў і адказаў.

Практыкумы “Работа ў міні-праектах”, “Тэхналогія састаўлення гульні”, практыкум з элементамі гульні “Асаблівасці работы з малодшымі школьнікамі”, рэкамендацыі псіхолага “Як размаўляць з пажылымі людзьмі”, дзелавая гульня “Цімураўцы, аб’ядноўвайцеся!” – такая тэматыка заняткаў для атрымання цімураўцамі тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў для далейшай іх апрабацыі ў межах дзейнасці атрада.

Клапоцячыся пра людзей старэйшага пакалення, цімураўцы атрымліваюць каштоўны вопыт зносін, веды пра падзеі мінулага. Зносіны цімураўцаў з малышамі і малодшымі школьнікамі дапамагаюць ім стаць больш адказнымі, арганізаванымі, развіваюць лідарскі і творчы патэнцыял.

Узаемадзеянне з валанцёрамі праз арганізацыю сумесных акцый, вучобу актыва дазваляе гаварыць пра пераемнасць: нашы цяперашнія валанцёры – гэта былыя цімураўцы, якія, я ўпэўнена, будуць і далей увасабляць у жыццё ідэі маральнасці і гуманізму.

 

Вольга КАТКОЎСКІС,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Гервяцкай сярэдняй школы
Астравецкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий