- Адукацыя ў асобах

Спорт на ўсе сто

 

З вялікім задавальненнем вучні Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна наведваюць урокі фізічнай культуры і здароўя. І значная заслуга ў гэтым настаўнікаў Галіны Казлоўскай і Антаніны Івашкевіч.

Жыццё большасці сучасных школьнікаў распісана літаральна па хвілінах. Нагрузка з кожным годам узрастае, а часу на адпачынак, фізічныя практыкаванні і гульні на свежым паветры становіцца ўсё менш. Кожны з бацькоў марыць бачыць сваіх дзяцей не толькі адукаванымі, але і здаровымі. Каб актуальная праблема сучаснасці не стала заканамернасцю, у школах працуюць адданыя сваёй справе людзі, выдатныя настаўнікі фізічнай культуры і спорту.

Настаўнікі нашай школы сур’ёзна ставяцца да правядзення кожнага ўрока і стараюцца зрабіць вучэбны працэс больш займальным і асобасна значымым для кожнага вучня. Усю работу на ўроках яны будуюць на паважлівых і даверлівых адносінах.

Для сваіх навучэнцаў Галіна Тадэвушаўна і Антаніна Валянцінаўна не толькі выкладчыкі, але і старэйшыя сябры, у нечым нават узор для пераймання. Іх урокі цікавыя, насычаныя, да таго ж яны самі з’яўляюцца прыкладам выдатнай фізічнай падрыхтаванасці. Як тут па самалюбстве дзяцей не ўдарыць той факт, што іх настаўніца, якая нашмат старэйшая, абганяе іх у фізічных практыкаваннях. Тут міжволі пацягнешся за настаўнікам. А настаўнік у гэтым плане і памочнік выдатны, і дарадчык: падкажа і пакажа, як найлепш авалодаць той ці іншай спартыўнай тэхнікай, як размеркаваць фізічныя нагрузкі, каб заняткі былі ў радасць і адначасова прыносілі карысць для здароўя.

Вялікую ўвагу настаўнікі ўдзяляюць пазакласнай фізкультурна-аздараўленчай рабоце, бо нават індывідуальна-дыферэнцыраваны падыход на ўроку не дасць такога станоўчага выніку, які дасягаецца правільна спланаванай спартыўна-масавай работай.

Эфектыўная педагагічная дзейнасць Галіны Тадэвушаўны і Антаніны Валянцінаўны выражаецца ў дасягненнях выхаванцаў. У 2020/2021 навучальным годзе вучні былі ўзнагароджаны граматамі за прызавыя месцы ў раённых спаборніцтвах па фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Здароўе”, раённых спартыўна-масавых мерапрыемствах сярод дзяцей і моладзі па біятлоне “Снежны снайпер”, у раённых спаборніцтвах па зімовым шматбор’і і па міні-футболе. Школа ўдзельнічала і ў шматлікіх абласных спартакіядах па розных відах спорту, дзе паказала сябе з лепшага боку. А вучаніцу 11-га класа Анастасію Ненартовіч па выніках абласнога этапу спаборніцтваў уключылі ў склад зборнай каманды Гродзеншчыны. Другі год на рэспубліканскім узроўні юная спартсменка паказвае выдатныя вынікі – прынесла высокія балы ў камандную капілку і вызначылася ў асабістым першынстве. Сярод сваіх аднагодкаў з сельскіх школ яна заняла 1-е месца ў мінулым годзе і 2-е ў гэтым.

У выніку каманду школы ўзнагародзілі дыпломам і памятным кубкам аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама. Дасягнуць такіх вяршынь юным спартсменам дапамаглі цярплівасць, вытрымка, настойлівасць, падтрымка і высокі прафесіяналізм настаўнікаў.

 

Таццяна ДОДА,
настаўнік пачатковых класаў
Пагародзенскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий