У Міжнародны дзень Зямлі ў яслях-садзе № 7 Круглага прайшоў шэраг мерапрыемстваў, галоўнай задачай якіх было прыцягненне ўвагі дашкольнікаў да праблем навакольнага асяроддзя і фарміраванне ў іх экалагічна асэнсаванай культуры асобы.
З выхаванцамі быў праведзены занятак “Зямля – наш агульны дом” з выкарыстаннем мультымедыйнай прэзентацыі, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі наглядна змаглі ўбачыць прыгажосць нашай планеты, жывёльны і раслінны свет, шчаслівыя твары людзей, а таксама, як забруджваецца наша планета, па якіх прычынах гіне ўсё жывое і як людзі сваімі рукамі забіваюць прыгажосць Зямлі.
З дзецьмі адбылася сур’ёзная гутарка на тэму “Як выратаваць планету”. Мы вырашылі пачаць з сябе: не выкідваць смецце ў неўстаноўленым месцы, берагчы ваду, ахоўваць прыроду, дапамагаць братам нашым меншым.
Вынікам дня стала вырабленая сваімі рукамі экалагічная газета “Беражыце зямлю”, а таксама выстава дзіцячых малюнкаў “Дзень Зямлі”, дзе былі размешчаны маляўнічыя працы, выкананыя выхаванцамі і іх бацькамі.
Алена ЧУДАКОВА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 7 Круглага