Загадкавая тэхніка гратаж  

- 22:55ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Большасць дзяцей любяць маляваць, а яшчэ больш любяць змешваць фарбы і эксперыментаваць з колерам. На жаль, не ўсе сельскія дзеці маюць магчымасць наведваць мастацкую школу, але пазнаёміцца з нетрадыцыйнымі тэхнікамі малявання навучэнцы Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна могуць на факультатыўных занятках.

На гэтым тыдні навучэнцы 3–5-х класаў, якія наведваюць факультатыўныя заняткі па выяўленчым мастацтве, асвойвалі тэхніку гратаж. Карціны, выкананыя ў тэхніцы гратажа дзівяць сваёй загадкавасцю і нечаканасцю. Гледзячы на працы прафесіяналаў, дзеці не верылі, што яны змогуць зрабіць такое сваімі рукамі. Але я запэўніла іх, што нават неспрактыкаваны мастак здольны стварыць дзіўную карціну – трэба толькі адказна падысці да справы і праявіць фантазію.

Гратаж – спосаб выканання малюнка шляхам прадрапвання пяром або вострым інструментам паперы або кардона, залітых гуашшу або тушшу. Слова “гратаж” пайшло ад французскага gratter – скрэбці, драпаць.

Творчы працэс на нашых факультатыўных занятках пачаўся з зафарбоўвання кардона. Гэты момант вельмі важны, таму навучэнцы старанна націралі аснову рознакаляровымі васковымі крэйдамі. Неўзабаве парафінавы пласт пакрываў кожны міліметр кардона.

Наступны этап працы – нанясенне чорнай фарбы. Мы з дзецьмі выкарыстоўвалі гуаш. Цяпер трэба было дачакацца поўнага высыхання асновы.

На другім факультатыўным занятку нас чакала самае цікавае –прадрапванне малюнка. Гэты працэс вельмі карпатлівы. Бо калі лінія будзе праведзена, пазбавіцца ад яе ўжо не атрымаецца. З прычыны гэтага дзеці для пачатку малявалі эскізы на простым лісце паперы. Затым на чорнай аснове прадрапвалі свае карціны вострымі драўлянымі палачкамі. Вось і ўсё –карціны гатовыя.

Са слоў навучэнцаў, яны з нецярпеннем чакаюць факультатыўных заняткаў па выяўленчым мастацтве. Бо калі дзеці занятыя творчасцю, у іх паляпшаецца настрой, развіваецца памяць, увага, уседлівасць і прасторавае мысленне. Навучэнцы могуць стварыць дзіўны свет, поўны незвычайных вобразаў і персанажаў.

 

Алена МІКША,
настаўнік выяўленчага мастацтва
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий