У Воранаўскім раёне дыстанцыйна праведзена раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў геаграфіі. Тэма “Актывізацыя вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроках геаграфіі” была абрана па запытах настаўнікаў.
Асноўнымі задачамі пасяджэння сталі стварэнне ўмоў для падтрымкі прафесіяналізму настаўнікаў, іх здольнасці вызначаць шляхі ўдасканалення ўласнай педагагічнай дзейнасці і стратэгічна падыходзіць да паляпшэння якасці адукацыі ў супрацоўніцтве з іншымі педагогамі; фарміраванне кампетэнцый, звязаных з прымяненнем на практыцы сучасных форм, метадаў і тэхналогій навучання.
Пасяджэнне праведзена ў форме панарамы педагагічнага вопыту. Настаўнікі дзяліліся вопытам развіцця творчых здольнасцей на ўроках геаграфіі з дапамогай сучасных сэрвісаў Кahoot (настаўнік Бастунскага ВПК Тэрэса Юзвік), Canva (настаўнік Пеляскай сярэдняй школы Алег Нядзелька), LearningApps.org (настаўнік Пераганцаўскага ВПК Наталля Лук’ян). Знаёміліся з PascalABC (праграмаванне для вырашэння геаграфічных задач), Xmind (ментальныя карты), Quizlet.com (стварэнне інтэрактыўных флэш-картак), сэрвіс інтэрактыўных плакатаў Thinglink. Па іх выкарыстанні былі распрацаваны памяткі, для практычнага выкарыстання падрыхтаваны гатовыя матэрыялы да ўрокаў геаграфіі: крыжаванкі, інтэрактыўныя плакаты, рэбусы, гульні.
Метадыст на канкрэтных распрацаваных прыкладах паказала і расказала пра сучасныя метады і прыёмы, формы навучання, якія дазваляюць павысіць эфектыўнасць засваення геаграфічных ведаў: “геаграфічны лабірынт”, філворды, “Парадокс”, “Успомні сілуэт”, “Што гэта?”, “Геаграфічны канструктар”, лагічныя задачы, геаграфічныя крыжыкі-нулікі, “Кракадзіл”. Настаўніца Клайшанскай базавай школы Валянціна Мінгілевіч распавяла пра прымяненне гексаў на ўроках геаграфіі, распрацавала памятку.
Папоўнілася раённая скарбонка і распрацоўкамі ўрокаў геаграфіі з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, прыёмаў развіваючага навучання.
Падведзены вынікі пасяджэння, выпрацаваны рэкамендацыі, праведзена онлайн-анкетаванне.
Рэгіна ФРАНСКЕВІЧ,
метадыст
Воранаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета