У рамках дзейнасці Школы ўдасканалення педагагічнага майстэрства ў сярэдняй школе № 41 Гродна прайшоў конкурс метадычных распрацовак “Мой лепшы ўрок”, мэта якога была спрыяць развіццю навукова-метадычнага патэнцыялу педагагічных работнікаў школы.
Школьны конкурс метадычных распрацовак “Мой лепшы ўрок” быў накіраваны на развіццё матывацыі творчай дзейнасці педагагічных работнікаў, а таксама на абагульненне і распаўсюджванне педагагічнага вопыту. Конкурс праводзіўся ў два этапы. Першы этап уключаў прадастаўленне работ кіраўнікам метадычных аб’яднанняў і прыняцце рашэння аб допуску да ўдзелу ў агульнашкольным конкурсе. Другі этап – вызначэнне лепшых работ. Удзельнікамі конкурсу выступілі педагагічныя работнікі школы, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, незалежна ад кваліфікацыйнай катэгорыі, стажу работы і ўдзелу ў конкурсах, якія праводзіліся раней.
Усяго на конкурс было пададзена 39 работ. У першым туры прынялі ўдзел 38 педагогаў, у другім – 28. З іх – 13 настаўнікаў I ступені агульнай сярэдняй адукацыі, 2 выхавальнікі ГПД, 23 настаўнікі – II і III ступені агульнай сярэдняй адукацыі; 4 педагогі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, 18 педагогаў першай кваліфікацыйнай катэгорыі, 9 – другой, 7 – без катэгорыі.
На другі этап было прадстаўлена 4 работы па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет”, 2 работы – “Руская мова”, 4 – “Англійская мова”, 4 – “Беларуская літаратура”, 5 – “Матэматыка”, па 1 рабоце – “Геаграфія”, “Сусветная гісторыя”, “Фізіка”, “Гісторыя Беларусі”, “Грамадазнаўства”, “Працоўнае навучанне”, 1 работа – інтэграваны ўрок па прадметах “Руская мова” і “Руская літаратура”, 2 работы – выхаваўчыя мерапрыемствы.
Крытэрыямі ацэнкі метадычных распрацовак былі наступныя: актуальнасць і адпаведнасць сучасным тэндэнцыям развіцця адукацыі; выкарыстанне эфектыўных форм і метадаў арганізацыі адукацыйнага працэсу па актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроках; адпаведнасць зместу метадычнай распрацоўкі заяўленай тэме, сістэмнасць і структураванасць падачы матэрыялу па вучэбным прадмеце; стварэнне і падтрымка высокага ўзроўню пазнавальнай цікавасці і самастойнай актыўнасці вучняў.
Журы было адзначана, што ўсе работы практыкаарыентаваныя. У іх выкарыстаны кампетэнтнасны падыход і разнастайныя эфектыўныя прыёмы і метады арганізацыі адукацыйнага працэсу па актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроках: групавая, парная, індывідуальная, самастойная работа, пошукавая і даследчая дзейнасць, гульні, рэбусы, загадкі, анаграмы, пазлы, крыжаванкі, творчыя і інтэлектуальныя заданні, праблемныя сітуацыі, бліц-апытванні, тэсты, заданні на картках, дыферэнцыраваныя заданні, эксперыменты, сінквейны.
Пераможцамі сталі 12 педагогаў у намінацыях “Лепшая метадычная распрацоўка выхаваўчага мерапрыемства”, “Лепшая метадычная распрацоўка ўрока I ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, “Лепшая метадычная распрацоўка ўрока II і III ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.
Напалеон Хіл сцвярджаў, што майстэрства прыходзіць толькі з практыкай і не можа з’явіцца ў ходзе чытання інструкцый. Школьны конкурс метадычных распрацовак “Мой лепшы ўрок” паказаў высокі прафесійны ўзровень педагогаў. Удзельнікі конкурсу даказалі, што іх талент і творчы патэнцыял не мае межаў.
Таццяна ЛОЙША,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 41 Гродна