З 23 лютага і да канца мая ў інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна праходзіць акцыя “Чытаем кнігі пра вайну”, прысвечаная 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У рамках акцыі прайшоў урок памяці “Вайны не бачылі, але ведаем!”.
Памятаць можна не толькі тое, што бачыў, але і што чуў. Каб была жывая памяць пра ваеннае ліхалецце, пра гэта трэба і важна гаварыць. На жаль, усё менш і менш застаецца жывых сведак тых гераічных гадоў, чые ўспаміны такія важныя і неабходныя. Але ёсць кнігі. І з іх старонак да нас даносіцца голас памяці…
На чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Сучаснік” інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра ў рамках акцыі “Чытаем кнігі пра вайну” быў запрошаны 86-гадовы актыўны чытач Іван Сямёнавіч Васілеўскі, інвалід дзяцінства, які атрымаў раненне ў выніку баявых дзеянняў.
Івану Сямёнавічу было ўсяго шэсць гадоў, калі пачалася вайна, але і зараз ён не можа стрымаць эмоцый, успамінаючы той цяжкі час. Шчыра і пранікнёна ён расказаў, якія выпрабаванні прыйшліся на долю мірных жыхароў, успомніў пра ваенныя і працоўныя подзвігі жыхароў вёскі, пра цяжкасці пасляваеннага часу. Вайна забрала ў Івана Сямёнавіча самае галоўнае – бесклапотнае дзяцінства.
Навучыўшыся чытаць, Іван Сямёнавіч аддаваў перавагу кнігам пра вайну. Яны вучылі яго мужнасці, стойкасці, высакароднасці. Ён захапляўся гераізмам байцоў і разведчыкаў, іх вытрымкай. Іван Сямёнавіч парэкамендаваў дзецям прачытаць кнігі “Шчыт і меч” В.Кажэўнікава, “Сын палка” В.Катаева, “А досвіткі тут ціхія” Б.Васільева, “Лёс чалавека”, “Яны змагаліся за Радзіму” М.Шолахава.
Яшчэ Іван Сямёнавіч падзяліўся ўспамінамі пра пачуцці ў вялікі Дзень Перамогі – 9 мая 1945 года. Расказаў, як яны, усе дзеці вёскі, беглі на чыгуначную станцыю з абярэмкамі кветак, каб сустрэць эшалон з воінамі-пераможцамі, павіншаваць іх і абняць. А салдаты, у сваю чаргу, частавалі дзяцей не толькі смачнымі гасцінцамі, але і дарылі ім сшыткі і кнігі, якія везлі дадому з вайны. Гэта былі самыя дарагія падарункі, таму што ў паўразбуранай вёсцы кнігі і сшыткі былі велізарнай каштоўнасцю, у той час іх проста немагчыма было купіць. Да таго ж і не было за што…
Дзеці з цікавасцю слухалі паважанага чалавека, які расказваў пра такую далёкую зараз вайну. Ён паведаміў пра аднавяскоўцаў і сваякоў, якія загінулі ў баях за Радзіму, пра хлапцоўскія рэйды на чыгуначную станцыю, якія вельмі часта заканчваліся трагічна.
Не мог Іван Сямёнавіч не ўспомніць і пра страшную трагедыю, якая адбылася ў вёсцы Шаўлічы, якая была недалёка ад іх. Гэта вёска паўтарыла горкі лёс вогненнай Хатыні. Расказаў госць пра тое, як у ноч на Купалле, 7 ліпеня 1943 года, немцы расстралялі тут каля трохсот ні ў чым не вінаватых чалавек. Пасля страшнай карнай аперацыі жыхары былі знішчаны, а вёска спалена дашчэнту…
Распавядаючы пра тое, што здарылася ў Шаўлічах, дзядуля Іван плакаў, плакалі і ўсе, хто яго слухаў. Зараз “Шаўлічы” – адзін з мемарыяльных помнікаў Беларусі, таму дзядуля прапанаваў дзецям і дарослым наведаць святое месца летам, на Купалле, у дзень трагедыі, каб ушанаваць памяць і аддаць даніну павагі загінулым, але не пераможаным мясцовым жыхарам, пазваніць у звон памяці.
У канцы сустрэчы Іван Сямёнавіч звярнуўся да дзяцей з заклікам шанаваць мір, памятаць, якой цаной ён быў заваяваны, любіць і абараняць Радзіму і абавязкова чытаць кнігі.
Падчас такіх сустрэч факты з кніг нібы ажываюць, становяцца блізкімі кожнаму, а выпрабаванні даўно мінулых гадоў ператвараюцца ў шчырыя перажыванні дзяцей XXI стагоддзя. Ужо зусім па-іншаму гучаць ваенныя песні, вершы знаходзяць месца ў дзіцячым сэрцы і выклікаюць непадробныя эмоцыі.
Вучні літаральна засыпалі госця пытаннямі. “Самая важная ўзнагарода для ўсіх нас, дзяцей той вайны – гэта памяць маладога пакалення пра подзвіг нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”, – адказаў Іван Сямёнавіч.
Доўга не хацелі школьнікі адпускаць свайго ганаровага госця. Такая цікавасць гаворыць пра тое, што тэма патрыятызму, любові да Радзімы і яе гісторыі вельмі актуальная для падрастаючага пакалення. На развітанне навучэнцы і настаўнікі ад усёй душы падзякавалі Івану Сямёнавічу і пажадалі яму моцнага здароўя. Гэтая сустрэча надоўга застанецца ў памяці, таму што яна была вельмі шчырай, эмацыянальнай і “са слязьмі на вачах”.
Арганізоўваючы гэтую сустрэчу, мы хацелі прыцягнуць увагу акцябрат, піянераў, членаў БРСМ да гістарычнай памяці, тым самым актывізаваць цікавасць чытачоў школьнай бібліятэкі да літаратуры патрыятычнай тэматыкі.
Па водгуках вучняў нашай школы, яны з цікавасцю і задавальненнем прымаюць удзел у акцыі “Чытаем кнігі пра вайну”. У навучэнцаў яшчэ ёсць час чытаць кнігі на бібліятэчных уроках, на класных гадзінах, дома з бацькамі. Па выніках акцыі будзе вызначана самая папулярная кніга школьнай бібліятэкі пра вайну, самы актыўны чытач, які прачытаў найбольшую колькасць кніг на патрыятычную тэматыку, і класы, якія праявілі найбольшую актыўнасць у чытанні твораў пра вайну
Ала СКІБІЦКАЯ,
загадчык інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра
Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна