У Міжнародны дзень сям’і, які адзначаецца 15 мая, упраўленне адукацыі Слонімскага райвыканкама зрабіла падарунак: падрыхтавала відэаролік “Настаўніцтва… Гэта ў нас сямейнае!”, дзе расказала пра настаўніцкія сем’і Слонімшчыны.
Нечакана і прыемна было атрымаць такое віншаванне. А яшчэ цікава было даведацца, што ў раёне працуе вялікая колькасць настаўніцкіх сем’яў. А настаўніцкая сям’я, так ужо павялося, – гэта асаблівая сям’я. Думаю, ніхто не стане спрачацца, што гэта, як правіла, моцныя і дружныя сем’і, у якіх паважаюць і падрымліваюць адно аднаго больш, чым у іншых. (Гавару гэта ўпэўнена, таму што сама нарадзілася і вырасла ў сям’і матэматыка і філолага, а цяпер яшчэ – і жонка фізіка).
Настаўніцкая сям’я ў вёсцы – гэта не проста гонар, а яшчэ і вялікая адказнасць. У вёсцы ўсё навідавоку. Так ужо склалася традыцыйна, што вясковая настаўніцкая сям’я павінна быць узорам і прыкладам для іншых.
Адна са старонак відэафільма пра сем’і настаўнікаў Слонімшчыны прысвечана сям’і Пятра і Ірыны Саўко – настаўнікаў Міжэвіцкай сярэдняй школы.
Глава сям’і – настаўнік фізічнай культуры і здароўя. Пётр Іванавіч штогод рыхтуе пераможцаў другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі, а таксама пераможцаў раённых і ўдзельнікаў абласных спартыўных спаборніцтваў. Фізічная культура і здароўе – любімы школьны прадмет, і, вядома, вучні цягнуцца да настаўніка. Таму зусім не выпадкова, што за апошнія два гады тры вучні ўстановы працягваюць навучанне ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах па спецыяльнасці “Фізічная культура”, прычым двое з іх – на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.
А маці і жонка, Ірына Іванаўна, – настаўнік біялогіі. Дагледжаны школьны агарод, азеляненне прышкольнай тэрыторыі – гэта, у першую чаргу, яе заслуга. Штогод Ірына Іванаўна ўдзельнічае і перамагае ў рэспубліканскім конкурсе па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый устаноў адукацыі “Упрыгожым Беларусь кветкамі”. А яшчэ Ірына Іванаўна “класная маці” для васьмі сямікласнікаў.
Дачка настаўнікаў Саўко, таксама Ірына, вучаніца 10-га класа – гонар бацькоў. Дзяўчынка бачыць, як вучні школы з павагай і любоўю адносяцца да Пятра Іванавіча і Ірыны Іванаўны, і толькі радуецца гэтаму. Настаўніцкія дзеці з дзяцінства разумеюць, што іх паводзіны і вучоба павінны быць бездакорнымі, таму партрэт Ірынкі займае пачэснае месца на школьнай Дошцы гонару. Дзяўчынка яшчэ не вызначылася з далейшым прафесійным шляхам. Але, як паказвае практыка, дзеці настаўнікаў часта выбіраюць прафесіі бацькоў.
Са святам, з Міжнародным днём сям’і, паважаныя настаўнікі! Так ужо сталася, што ва ўсіх вас дзве сям’і – школьная і асабістая. Хай спакой, здароўе, шчасце і лад пануюць ва ўсіх вашых сем’ях!
Наталля БАКУНОВА,
намеснік дырэктара
Міжэвіцкай сярэдняй школы
Слонімскага раёна