Па заканчэнні навучальнага года для дзяўчат 10-га класа Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна арганізуюцца пяцідзённыя практычныя заняткі па медыцынскай падрыхтоўцы.
У пачатку першага практычнага занятка да вучаніц даведзены правілы паводзін і патрабаванні бяспекі, таму дзяўчаты валодаюць дастатковымі практычнымі навыкамі па іх выкананні. Установай адукацыі створаны ўсе ўмовы для бяспечнага правядзення практычных заняткаў.
1 чэрвеня праведзены Дзень адчыненых дзвярэй у Нягневіцкай бальніцы сястрынскага догляду.
Дзесяцікласніц сустрэла старшая медсястра Зоя Лазарэвіч, якая пазнаёміла дзяўчат са структурай і арганізацыяй працы бальніцы сястрынскага догляду, распавяла пра віды лячэбнай дапамогі насельніцтву і парадак яе атрымання. Зоя Мікалаеўна звярнула ўвагу дзяўчат на асаблівасці работы рэгістратуры, правілы прыёму хворых. Затым школьніц запрасілі ў працэдурны кабінет. Старшая медсястра распавяла пра правілы падрыхтоўкі да работы з пацыентам і, прымаючы пацыента, паказала, як робіцца забор крыві з вены на аналіз. Асаблівая ўвага была звернута на правілы захоўвання медыкаментаў, у прыватнасці, вакцыны «Спадарожнік V». Медыцынскі работнік адказала на пытанні дзяўчат і запэўніла, што работа медыкаў хоць і цяжкая, але вельмі патрэбная і цікавая.
Наперадзе яшчэ шмат цікавых пытанняў, якія будуць вывучаны на практычных занятках. Магчыма, хто-небудзь і абярэ для сябе прафесію ўрача, бо першыя крокі на шляху прафесійнага самавызначэння зроблены ўжо ў школе.
Марына СЯВЕЦ,
настаўнік медыцынскай падрыхтоўкі
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна