Цікава і з карысцю прайшоў Дзень талентаў у аздараўленчым лагеры “Вясёлка” Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы.
На гэты дзень была замоўлена экскурсія ў раённы Дом рамёстваў, які знаходзіцца ў аграгарадку Залессе. На ганку невялікага будынка нас сустрэла прыветлівай усмешкай і гасцінна запрасіла наведаць выставы загадчык установы Таццяна Зіновіч.
Зайшоўшы ў будынак, мы быццам перанесліся ў часе і аказаліся ў даўнейшым жылым пакоі, дзе знаходзіліся знаёмыя і не зусім знаёмыя нам рэчы: куфар, ліхтары і прасы, розныя вышыванкі, прыгожыя саматканыя дываны, маслабойка, кошыкі, даўнейшыя шалі, розныя вырабы з гліны, кажухі і шмат іншых рэчаў, аб якіх вельмі цікава расказвала Таццяна Вікенцьеўна. Вельмі ўразіла калекцыя вырабаў з саломкі: вазы, карзінкі, шкатулкі, капелюшы, вяночкі і іншыя дзіўныя рэчы, створаныя рукамі чалавека. Нам нават прадэманстравалі майстар-клас па ткацтву на сапраўдным ткацкім станку. Гэта настолькі зацікавіла выхаванцаў лагера, што нават хлопчыкі паспрабавалі ткаць.
Атрымаўшы масу станоўчых эмоцый, у добрым настроі мы вярталіся ў лагер. А пасля абеду дзяўчынкі і хлопчыкі змаглі паспрабаваць свае сілы ў вырабах прадметаў з розных матэрыялаў на занятках майстэрні “Навінкі са смеццевага кошыка”.
Людміла РАМАНОЎСКАЯ,
дырэктар аздараўленчага лагера “Вясёлка”
Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы
Смаргонскага раёна