Дзень эрудыта ў лагеры працы і адпачынку “Парастак”

- 8:16ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Блакітнае неба і зялёнае поле, выдатнае надвор’е і добры настрой – так пачынаецца працоўны дзень у лагеры працы і адпачынку “Парастак”, які функцыянуе ў Нягневіцкай сярэдняй школе Навагрудскага раёна.

У гэтым годзе жыта смарагдава-зялёнае і густое, такое, што нават ісці цяжка. Хлопцы і дзяўчаты асцярожна ступаюць паміж радамі, каб не скамячыць сцёблы, уважліва прыглядаюцца да раслін, стараючыся не прапусціць пустазелле. Напружаная праца не перашкаджае зносінам: раз-пораз чуюцца жарты і вясёлы смех.

Пасля працы рабят чакаюць цікавыя заняткі ў лагеры. Сёння – дзень эрудыта. Асноўная форма работы з выхаванцамі – гульнявая з элементамі спаборніцтва. Арганізуючы разнастайную і па формах, і па змесце дзейнасць атрада, выхавальнікі А.А.Самайловіч і С.Н.Самайловіч ствараюць умовы для таго, каб як мага больш станоўчых якасцей падлеткаў выяўлялася, актывізавалася і развівалася. Падчас інтэлектуальнага эрудыт-шоу “Шчаслівы выпадак” юнакі і дзяўчаты развіваюць розныя якасці: арганізатарскія, творчыя, лідарскія. Вядучыя эрудыт-шоу Вадзім Шуляк і Даша Радзюк не проста задаюць пытанні камандам, але ствараюць умовы для зносін і сумеснай дзейнасці. Падлеткі вучацца працаваць у групе, слухаць і чуць адно аднаго, прымаць узважаныя рашэнні, аргументаваць свае версіі і выбіраць з усіх прапанаваных адну аптымальную.

Тут важны і каштоўны кожны выхаванец, яго меркаванне, яго пазіцыя. Як вынік – кожны адчувае сябе патрэбным.

Якія толькі пытанні не прагучалі падчас гульні! Напрыклад, хто гэты навуковец, які ўбачыў усё чалавецтва наскрозь. Або якая жывёла валодае самым гучным голасам, у якой краіне на самой справе расце хлебнае дрэва. Хвілінку адпачыць членам каманд можна было падчас музычнай паўзы.

Журы падводзіць вынікі: самы кемлівы – Арцём Марушка, валодае навыкамі “фантастычнага скланення” незвычайных слоў Жэня Арцюх, ведае “пра ўсяго патроху” Саша Шыдлоўскі, “знаёмы” з гістарычнымі асобамі Антон Зубрык. Лепшай стала каманда “Мы” Марты Шасцель. 

Пасля напружанай інтэлектуальнай працы падлеткі з радасцю працягнулі гульнявы марафон на школьным стадыёне: рухомыя гульні на свежым паветры ў цёплы летні дзень – гэта сапраўдны адпачынак.

Вось і скончыўся пяты дзень у лагеры працы і адпачынку. На думку дзяцей, гэта быў вельмі добры дзень.

 

Марына СЯВЕЦ,
дырэктар лагера працы і адпачынку “Парастак”
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий