У рамках рэалізацыі сацыяльнага праекта “Вось табе мая рука”, які прысвечаны праблеме бяспраўнага і безабароннага становішча бяздомных жывел, выхаванцамі атрада “Няўгамон” аздараўленчага лагера пры Любчанскай сярэдняй школе Навагрудскага раёна была праведзена акцыя “Дай лапу, сябар!”.
Беспрытульны, выкінуты… Ад гэтых слоў мурашкі па скуры. А ці часта мы з вамі задумваемся, як на сабе выпрабаваць гэта ўсё? І калі мы, людзі, усё ж можам дапамагчы сабе самі, то нашы браты меншыя – на жаль, не. Яны, як ніхто, маюць патрэбу ў нашым клопаце і падтрымцы.
Пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Валянціны Вееўнік дзеці стварылі лістоўкі, якія раздавалі сустрэчным людзям. Хлопцы і дзяўчаты заклікалі дарослых быць міласэрнымі, не выкідваць дамашніх жывёл на вуліцу і дапамагаць тым, у якіх няма гаспадара. Выхаванцамі лагера быў сабраны корм для бяздомных жывёл, які быў перададзены ў прытулак. Таксама школьнікі кармілі бяздомных жывёл сухім кормам, дэманструючы тым самым клопат да братоў нашых меншых. А атрадам “Умняшы” была арганізавана выстава малюнкаў “Мае любімыя жывёлы”.
Жанна БЕДУНКЕВІЧ,
дырэктар школьнага лагера
Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна