Лета – час новых адкрыццяў  

- 21:16ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

“Як узнікае вясёлка?”, “Куды плывуць аблокі?”, “З чаго складаецца пясок?”, “Чаму вада ўцякае скрозь сіта?” – гэтыя і многія іншыя пытанні турбуюць выхаванцаў другой малодшай групы № 1 ясляў-сада № 2 Свіслачы. І нядзіўна, што дапытвацца пра такія з’явы малыя сталі летам, бо менавіта гэтая пара дае магчымасць удосталь пагуляць з пяском і вадой, не баючыся выпацкацца і змерзнуць, пазнаёміцца з іх уласцівасцямі і якасцямі, пашырыць свой кругагляд.

Эксперыменты з вадой заўседы дастаўляюць малым радасць і захапленне, паднімаюць настрой. Для вызначэння якасцей і ўласцівасцей вады са сваімі выхаванцамі я адкрыла чароўную лабараторыю “Кропелька”. Падчас працы ў ёй маленькія даследчыкі дазналіся, што вада – гэта вадкасць, яна празрыстая, не мае паху, прымае форму пасудзіны. Цікавасць у дзяцей выклікалі вопыты, у ходзе якіх хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, што вада можа змяняць свой колер, калі дабавіць фарбавальнік, а таксама склейваць прадметы. Шчырае здзіўленне было ў вачах выхаванцаў, калі яны ўбачылі вяселку, якую стварылі мы самі.

Шмат новага і цікавага дзеці даведваюцца, гуляючы з пяском. Гульні з пяском не проста дапамагаюць цікава бавіць час з малымі, але і з’яўляюцца сродкам сэнсорнага развіцця. Дзеці высвятляюць, што пясок сыпучы, а для ўтварэння пабудоў ён павінен быць вільготным. А аднойчы ўважлівыя вочкі маіх хлопчыкаў і дзяўчынак убачылі, што пясок складаецца з маленькіх крупінак, каменьчыкаў. Падчас адной з такіх гульняў з пяском прыйшла Пясчаная прынцэса і прапанавала адкрыць кандытарскі цэх. Малыя з радасцю “пяклі” прысмакі для незвычайнай госці, а пасля з задавальненнем пагулялі.

Летам неба па-асобаму прыгожае. А калі, як не летам, можна ўбачыць на ярка-блакітным небе белыя кучаравыя аблокі, якія падобныя на слана, альбо кіта? Назіраючы за небам выхаванцы даведаліся, што аблокі плывуць, куды дзьме вецер, бываюць рознай формы і памеру. Такія назіранні не толькі пашыраюць уяўленні пра нежывую прыроду, але і развіваюць фантазію, творчы патэнцыял дзіцяці.

Вельмі часта мае выхаванцы самі падказваюць, пра што цікава будзе даведацца, неабходна толькі ўважліва за імі паназіраць. А пакуль можна парадавацца, што лета яшчэ не заканчваецца, а гэта значыць, што магчымасцей адкрываць таямніцы прыроды ў нас яшчэ шмат!

 

Вольга КРЫШТОФIК,
выхавальнiк дашкольнай адукацыi
ясляў-сада № 2 Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий