У нашай роднай краіне шмат цікавых і каларытных месцаў для вандровак. Нядаўна ў гэтым упэўніліся навучэнцы гімназіі № 61 Мінска. Мы з дзецьмі здзейснілі займальную адукацыйную экскурсію па маршруце “Мінск – Бярозаўка – Ліда – Мінск”.
Гэтай паездкі ўсе чакалі з нецярпеннем, бо спачатку адбылося завочнае падарожжа па маршруце. Гімназісты вывучылі інфармацыю пра шклозавод “Нёман”, горад Ліда і Лідкі замак.
Экскурсія пачалася з наведвання шклозавода “Нёман” у Бярозаўцы, дзе вучні пабачылі цалкам увесь цыкл вытворчасці і такім чынам пазнаёміліся з прафесіяй шкловыдзімальшчыка. Працэс вырабу рэчаў са шкла пакінуў моцнае ўражанне ва ўсіх. Вельмі цікава было назіраць за тым, як з распаленага полымя ствараюцца шкляныя фігуры розных форм і колеру.
Падчас экскурсіі ў залах музея шклозавода гімназісты ўбачылі экспанаты, датаваныя 1910 годам, і аўтарскія кампазіцыі мастакоў розных пакаленняў. Тут сталічныя госці не толькі пазнаёміліся з імёнамі знакамітых майстроў і іх шэдэўрамі, а таксама даведаліся, якім спосабам і з якога матэрыялу вырабляецца шкло. Дзякуючы экскурсіі па музеі, навучэнцы ўбачылі фірменнае малочна-дымчатае шкло з “нёманскай ніткай”, высакародны крышталь і мноства выдатных экспанатаў, адзначаных прэміямі і дыпломамі прэстыжных міжнародных выстаў. У завяршэнне экскурсіі наведалі фірменны магазін шклозавода, дзе кожны мог набыць сувенір для сябе і сваіх родных. Дарэчы, адным з самых папулярных сувеніраў была статуэтка Еўфрасінні Полацкай, нашай святой.
Наступнай кропкай на маршруце была экскурсія ў Лідскі замак, збудаваны ў 1323 годзе на зліцці рэк Лідзіі і Каменкі князем Гедымінам. Як сведчаць літаратурныя крыніцы, за сем няпоўных вякоў Лідскі замак адыграў значную ролю ў гісторыі. Экскурсія ператварылася ў займальны ўрок гісторыі.
А далей усіх чакала дзіўная падзея…Толькі ўявіце: лясная паляна, на ёй рыжавалосыя рыцары ў кілтах… Усе разгубіліся: мы ў Беларусі ці ў Шатландыі? Самым запамінальным было тэатралізаванае выступленне “рыцараў”, якія займаюцца прасоўваннем сярэднявечнай культуры ў Беларусі. Як аказалася, гэта сапраўды незвычайныя рыцары. Іх продкі – шатландцы, таму яны называюць сябе беларускімі шотамі.
Гімназісты з цікавасцю даведаліся пра гісторыю з’яўлення беларускіх шотаў, пра правілы вядзення бою. Адметна, што на гэтай зямлі калісьці пражывала вялікая колькасць шатландцаў. Тут яны займаліся гандлем, рамяством і служылі наймітамі. Першыя шоты з’явіліся на беларускіх землях яшчэ раней. Так, удзельнікі Петрыкаўскага сейма, які праходзіў у 1503 годзе, абмяркоўвалі пытанне пра тое, каб пасяліць шатландскіх каланістаў у замках, размешчаных на Дняпры.
У ходзе экскурсіі вучні даведаліся шмат дзіўных фактаў. Так, у XVI стагоддзі шатландцы завезлі на сучасную тэрыторыю Беларусі першую і самую дробную медную манету “двайны шатландскі пені”. У Беларусі ўтварылася вялікае паселішча шатландцаў. У магнатаў Радзівілаў была асабістая шатландская гвардыя. Шатландцы актыўна ўдзельнічалі ў ваенных сутычках за беларускія землі.
Анімацыйна-забаўляльная праграма прайшла на ўра! Вучні былі не проста гледачамі, а яшчэ і актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства.
Наша экскурсія мела адукацыйны характар. Мы пазнаёміліся з прафесіяй шкловыдзімальшчыка, дакрануліся да беларускай гісторыі, адчулі сябе рыцарамі з сярэднявечча і атрымалі станоўчыя эмоцыі. Падарожнічаючы, мы пашыраем кругагляд, атрымліваем новыя веды і навыкі, вучымся культуры паводзінаў і зносін. Такім чынам, дзякуючы вандраванням, становімся багацей. І цяпер мы выбіраем новы маршрут для наступнага адукацыйнага падарожжа!
Людміла МАСАЛЬСКАЯ,
класны кіраўнік 5 “Б” класа
гімназіі № 61 Мінска