У яслях-садзе № 9 Мазыра для выхаванцаў сярэдняй групы прайшла музычная забава на тэму “Беларусь рамесная”.
Асаблівае значэнне ў выхаванні дзяцей надаецца выхаванню пачуцця патрыятызму, асобы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Любоў да Радзімы фарміруецца паступова ў працэсе назапашвання ведаў пра грамадскае жыццё, працу людзей на карысць краіны, прыроду, народныя традыцыі і рамёствы.
Беларускамоўны дзень у дашкольнай установе дазваляе выхаванцам бліжэй пазнаёміцца са звычаямі беларускага народа і моўнымі сродкамі краіны, у якой яны нарадзіліся.
З самага ранку ў нашым дзіцячым садзе гучалі беларускія песні, і выхаванцы з цікавасцю чакалі мерапрыемства. І вось час гульні настаў. Да дзяцей завітала Гаспадынька. Яна прыйшла ў госці, каб паведаміць цікавыя звесткі пра Беларусь і пра народныя промыслы.
У ходзе правядзення мерапрыемства дзеці танцавалі, адгадвалі загадкі, гулялі ў беларускія гульні “Ох, лапці мае…”, “Лянок”, “Каваль”, удзельнічалі ў конкурсе “Спляці аборы”. Але самым цікавым момантам для малых быў салодкі пачастунак у канцы забавы.
Падчас забаўляльнага мерапрыемства дзеці замацавалі веды пра беларускія народныя промыслы, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пазнаёміліся з прафесіямі людзей, якія ствараюць прадметы рукатворнага свету. Таксама Гаспадынька пазнаёміла дзяцей з фабрыкай мастацкіх вырабаў у нашым родным горадзе Мазыры, дзе вырабляюцца прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Арганізуючы святочныя мерапрыемствы, мы клапоцімся пра стан эмацыйнага камфорту дзяцей, адчуванне імі радасці дзяцінства, умацаванне дзіцячага калектыву. А галоўны вынік такіх святаў – добры прыўзняты настрой, сумесная радасць, задавальненне ад зносін з музыкай і з аднагодкамі.
Дзеці вярталіся ў групу вельмі задаволеныя. Гэта было відаць па іх усмешках, смеху і захопленым вачам.
Таццяна ГАНЧАРЭНКА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 9 Мазыра