Кожны ў душы рамантык

- 16:04ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Лета – гэта час адпачынку і рамантычных вандровак. Вось у адной з такіх вандровак пабывалі педагогі і работнікі Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы Смаргонскага раёна ў мінулыя выхадныя. Хацелася бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй Гродзеншчыны.

Пачалі мы нашу вандроўку з наведвання Аўгустоўскага канала. На шлюзе Дамброўка на прычале стаяў параход “Неман”. Ярка свяціла ласкавае летняе сонейка, гучала прыемная музыка. Прыветліва ўсміхаючыся, капітан парахода запрасіў нас на палубу, і мы адправіліся на прагулку па канале. Вялікае ўражанне вызвала шлюзаванне. Шлюз – гэта сапраўдны шэдэўр інжынернай думкі, пабудаваны надзвычай старанна, грунтоўна і надзейна. Сцены камеры выкладзены з масіўных камянёў і абліцаваныя цэглай на растворы з гідраўлічнай вапны. Абабітыя жалезам дубовыя вароты ўстаноўленыя на рухомых рычагах, а зверху мацуюцца пры дапамозе стальных прыстасаванняў. Захоплівае дыханне, калі адкрываюцца гэтыя вароты і ў камеру ўрываецца магутны паток вады, які падымае параход на пэўную вышыню. А якая цудоўная навокал прырода, не кранутая рукой чалавека! Уздоўж канала, як вартавыя, уздымаюцца высока ў неба стройныя сосны і ёлкі, упрыгожаныя шматлікімі шышкамі. А вось зусім недалёка ад нас важна праплывае прыгажун-лебедзь. Ласкавы ветрык адганяе летнюю спякоту. І на душы такое замілаванне!

Пасля прагулкі па Аўгустоўскім канале ў нас была замоўлена пешаходная экскурсія па Гродне. Больш за дзве гадзіны мы слухалі цікавы аповед экскурсавода пра гісторыю каралеўскага горада, знаёміліся з асноўнымі гістарычнымі помнікамі. Нават падымаліся па старажытнай выкладзенай камянямі лесвіцы да Каложскай царквы. Прагуляліся па парку. З вялікім хваляваннем услухоўваліся ў гукі арганнай музыкі падчас наведвання Фарнага касцела, любаваліся багаццем і прыгажосцю яго галоўнага алтара. Прагульваліся па пешаходнай прыгожай вуліцы Савецкай, дзе змаглі набыць сабе на памяць сувеніры. А вечарам наведаліся ў драматычны тэатр.

Дзень выдаўся нялёгкі. Але ўсе мы атрымалі вялікую асалоду ад нашай вандроўкі, і кожны лічыў сябе сапраўдным рамантыкам.

 

Людміла РАМАНОЎСКАЯ,
настаўнік Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий