З мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў аздараўленчым лагеры “Вектар#Зялёная планета” пры Навагрудскай спецшколе-інтэрнаце была арганізавана экскурсія па маршруце Навагрудак – Белавежская пушча – мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” – палац Пуслоўскіх у Косава – Навагрудак.
Першы пункт на шляху падарожжа – Белавежская пушча. З аповеду экскурсавода падлеткі даведаліся, што разнастайнасць жывёльнага свету Белавежскай пушчы, багацце звера і крэмнію, а таксама наяўнасць воднага шляху з Балтыйскага ў Чорнае мора прыцягвала сюды паляўнічых і стварала ўмовы для жыцця людзей. Кіеўскія летапісы ўтрымліваюць звесткі пра пасяленне ў пушчы племя яцвягаў, якія займаліся паляваннем і рыбнай лоўляй. На тэрыторыі Белавежскай пушчы з даўніх часоў палявалі кіеўскія і літоўскія князі, польскія каралі, рускія цары, генеральныя сакратары. У верасні 1991 года рашэннем Савета Міністраў запаведна-паляўнічая гаспадарка была пераўтворана ў Дзяржаўны нацыянальны парк “Белавежская пушча”.
Другі прыпынак падарожнікаў – мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Падлеткі ўпэўніліся, што глядзець фільмы і чытаць кнігі пра Брэсцкую крэпасць – гэта зусім не тое, што ўбачыць яе на свае вочы. Трагічнае месца, якое пакідае глыбокі след у душы чалавека.
Тэрыторыя Брэсцкай крэпасці размяшчаецца на чатырох астравах, падзеленых паміж сабой двума рэкамі Заходні Буг і Мухавец і злучаных паміж сабой мастамі.
Знаходзячыся на цэнтральным востраве, які называецца Цытадэль, можна назіраць зліццё двух рэк. На гэтым востраве размешчаны асноўныя кампазіцыі і элементы мемарыяльнага комплексу, а таксама музеі.
Трапіць на тэрыторыю мемарыяла можна праз вароты, якія носяць назвы “Паўночная брама”, “Холмская брама”, “Цярэспальская брама”, усе яны размяшчаюцца з розных бакоў крэпасці.
Калі праходзіш праз зорку, ахоплівае пачуццё, быццам ляцяць самалёты і разрываюцца снарады, а голас дыктара Юрыя Левітана паведамляе пра пачатак вайны. Гук метранома паміж паведамленнямі дыктара і песня “Свяшчэнная вайна” як бы настройваюць на сустрэчу з трагічнымі падзеямі чэрвеня 1941 года. Уражвае скульптурная кампазіцыя “Смага” – фігура салдата, які паўзе да ракі з каскай у руцэ. У першыя дні вайны многія загінулі з-за вострага недахопу вады. Вада была на адлегласці дзесяці метраў, аднак подступы да ракі прастрэльваліся.
Апошнім пунктам на экскурсійным маршруце стаў палац Пуслоўскіх у Косава. Застылая ў камені прыгажосць Косаўскага палаца па-ранейшаму ўражвае і прыцягвае вандроўнікаў. Пасля многіх гадоў забыцця палац з 12 вежамі, якія сімвалізуюць месяцы года, зноў прымае гасцей.
Юныя вандроўнікі даведаліся, што на працягу некалькіх стагоддзяў уладальнікамі Косава былі знакамітыя дынастыі: Храптовічы, Сангушкі, Флемінгі, Чартарыйскія, Сапегі. А ў 1821 году маёнтак купіў Войцех Пуслоўскі. Ён заснаваў у Косава дывановую фабрыку, у ваколіцах пабудаваў або адрэстаўраваў каля 60 храмаў.
Пасля Войцеха сядзібу атрымаў у спадчыну яго сын Вандалін Пуслоўскі – буйны прамысловец і аматар мастацтваў. Менавіта ён у 1838 годзе пачаў у Косава будаўніцтва раскошнага палаца.
Пасля Леанарда Пуслоўскага, які прайграў маёнтак у карты, Косава не раз пераходзіла да новых гаспадароў. У гады Першай сусветнай вайны палац разрабавалі, многія каштоўнасці вывезлі за мяжу. З 1921 года тут размяшчаліся кіраванне акругай і школа пчаляроў.
Найбольшыя разбурэнні палац перажыў падчас Другой сусветнай вайны. Шматдзённы пажар у 1944 годзе канчаткова знішчыў убранне залаў, пакінуўшы толькі велічныя сцены.
Цікавым для вандроўнікаў было даведацца, што з палацам у Косава звязана шмат паданняў. Адна з самых прыгожых легенд паведамляе, што паміж Косаўскім палацам і рэзідэнцыяй Сапегаў у Ружанах існуе падземны ход “шырынёю ў карэту і тройку” і даўжынёй 25 кіламетраў.
Падарожжа па Брэстчыне яшчэ раз упэўніла выхаванцаў аздараўленчага лагера “Вектар#Зялёная планета” у тым, што Беларусь – краіна з багатай гісторыяй і непаўторнай прыродай.
Ірына ГАВАРОЎСКАЯ,
дырэктар летняга аздараўленчага лагера “Вектар#Зялёная планета”
Навагрудскай спецшколы-інтэрната