Напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на базе Радунскага раённага цэнтра турызму, краязнаўства і экалогіі педагог-арганізатар Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна С.У.Вайцяхоўская, валанцёры школы Дар’я Янкелайць і Дзіяна Грыгаровіч сумесна з педагогам арганізатарам Радунскага ЦТКіЭ Д.У.Зуевіч правялі квест-гульню “Сініца ў руках ці…” у рамках праекта “За мяжой добра? А ў Беларусі лепш!”.
У квест-гульні прынялі ўдзел школьнікі з устаноў адукацыі Воранаўскага раёна, выхаванцы Радунскага дзяржаўнага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
На гэты раз дзяцей чакала займальнае падарожжа па вывучэнні і распаўсюджванні этнакультурнай спадчыны Воранаўшчыны. Этапы гульні прадугледжвалі не толькі знаёмства, але і абагульненне ведаў дзяцей пра традыцыі беларускага народа. Таму назвы каманд выбралі ў адпаведнасці з тэматыкай “Жарынка” і “Копанка”. Гульня “Алфавіт” дапамагла дзецям хутка пазнаёміцца, і падчас гульні ўсё звярталіся адно да аднаго па імёнах.
На станцыі “Гэта мая малая радзіма” дзецям неабходна было на карце Воранаўскага раёна пазначыць населеныя пункты. Дзвюм камандам было не цяжка, таму што ўдзельнікі былі з розных населеных пунктаў Воранаўшчыны. Па заканчэнні выканання задання дзецям расказалі пра гісторыю ўзнікнення г.п. Радунь.
На станцыі “Стравы беларускай кухні” з мноства слоў неабходна было выбраць назвы страў. Аказалася, што нашы школьнікі ведаюць, што такое “верашчака”, “дранікі”, “лазанка”. Прыйшлося камандам успомніць і праспяваць песні на беларускай мове.
У час выканання задання на станцыі “Памяць жыве” дзецям давялося ўспомніць пра помнікі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна. Яны праявілі кемлівасць пры выкананні задання на станцыі “Сябар у бядзе не пакіне”. Камандам неабходна было пераправіцца на другі бераг, пры гэтым пераходзіць маглі толькі пяць чалавек. На станцыі “За мяжой добра? А ў Беларусі лепш!” удзельнікам неабходна было знайсці сцяг і герб Рэспублікі Беларусь.
Пакуль журы падводзіла вынікі, удзельнікам была прапанавана салдацкая каша і чай. Перамагла дружба. Каманды спрацавалі вельмі зладжана, дружна. Усе ўдзельнікі – вялікія малайцы!
Святлана ВАЙЦЯХОЎСКАЯ,
педагог-арганізатар
Паляцкішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна