Таццяна ШПАКОЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Гімназія № 1 имя Ф. Я.Перца г. Пінска»,
Брэсцкая вобласць
Тэма: Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі. Іх абазначэнне на пісьме.
Мэта: фарміраванне паняццяў “цвёрдыя і мяккія зычныя гукі”.
Задачы: вучыць адрозніваць парныя цвёрдыя і мяккія зычныя гукі, знаходзіць цвёрдыя і мяккія зычныя ў вымаўленых ці пачутых словах; назіраць за сэнсаадрознівальнай роляй мяккіх і цвёрдых зычных; вучыць абазначаць мяккасць зычных на пісьме з дапамогай літар е, ё, ю, я, і, мяккага знака; практыкаваць у вызначэнні паслядоўнасці гукаў у слове; пашыраць лексічны запас вучняў словамі лексіка-семантычнай групы “рыбы”; ствараць умовы для развіцця назіральнасці, любові да прыроды, працавітасці.
Абсталяванне: падручнік, карткі-апоры, мультымедыйная прэзентацыя, малюнак вадаёма, рыбкі, карткі з літарамі, карткі з тэстамі для індывідуальнай работы.
Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу.
Форма правядзення: завочнае падарожжа.
Ход урока
І Арганізацыйна-матывацыйны момант
Празвінеў званок вясёлы,
Усіх заве ён на ўрок.
А вы, дзеці, усе гатовы?
Пачынаем наш урок.
– Дэвізам нашага ўрока будуць словы з прыказкі: “Не папрацаваўшы, ведаў не набудзеш”. Для таго каб атрымаць веды, трэба актыўна працаваць. Жадаю вам поспехаў!
ІІ Праверка дамашняга задання (франтальная праверка дамашняга задання)
ІІІ Моўная размінка
Гульня “Перакладчык”
– Дзеці, сёння мы з вамі адправімся на рыбалку. Давайце пагуляем у перакладчыкаў і назавем словы, якія нам спатрэбяцца; пры гэтым, можна карыстацца карткамі-апорамі
Тэма “Рыбалка”: Река – рака, удочка – вуда, вудачка, крючок – кручок, червячок – чарвячок, леска – лёска.
IV Слоўнікавая работа
– Вам патрэбна разгадаць слоўнікавыя словы і ўставіць прапушчаныя літары.
1) У што пакладзем рэчы, ідучы на рыбалку? (Рукзак)
2) Разам з дарослымі пойдуць дзеці: хлопчыкі і … (дзяўчынкі)
3) Якое надвор’е можа сапсаваць рыбалку? (Дождж)
4) У якую пагоду трэба апранацца цёпла? (У сцюжу)
5) Сёння быў дрэнны ўлоў, а калі добры? (Учора)
– У сшытках запішыце дату, класная работа.
V Хвілінка чыстапісання
– Як называюць людзей, якія ловяць рыбу? (Рыбакі)
– Якія словы схаваліся ў слове рыбакі? (Рыба, бак)
– Назавіце галосныя ў слове рыбакі. Якія злучэнні літар?
– Прапішыце літары да канца радка. Пры пісьме старайцеся пісаць літары аднолькавай вышыні, захоўваць правільны нахіл.
ыаі ыаі ыаі
рыбакі рыба
– Падзяліце слова рыбакі на склады (Ры-ба-кі).
VI Паведамленне тэмы і мэт урока
Увядзенне ў тэму
– Прачытайце склады, якія ў вас атрымаліся. З якіх гукаў складаюцца склады? (Зычных і галосных)
– Чым адрозніваюцца зычныя гукі ад галосных? (Галосныя можна праспяваць, а зычныя нельга; галосныя ўтвараюць склад, а зычныя – не.)
– На якія групы можна раздзяліць зычныя гукі? (Цвёрдыя і мяккія)
– Хто ўжо здагадаўся, якая тэма нашага ўрока? (Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі)
VII Знаёмства з тэмай урока
– Тэма нашага ўрока змешчана ў раздзеле “Гукі і літары”. Хорам прачытаем тэму ўрока.
1) Першаснае ўспрыманне новай тэмы
– Сярод гукаў ёсць сваякі, родныя браты. Вымавіце словы і назавіце гэтых братоў: плотка – плітка:[л] – [л’], рыбак – рыбакі: [к] – [к’]. Яны нават адной літарай абазначаюцца на пісьме.
– Разгледзьце табліцу “Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі” на форзацы падручніка. Назавіце па варыянтах парныя цвёрдыя і мяккія зычныя гукі. Дайце характарыстыку гукам [й’], [ў].
– На пісьме мяккасць і цвёрдасць зычных гукаў абазначаецца літарамі. А якімі, мы зараз даведаемся. (Праблемнае пытанне)
Гульня “Гукі”
– Дзеці, перш чым пайсці на рыбалку, патрэбна нарыхтаваць чарвячкоў. Зараз пабачым, як вы справіцеся з гэтым заданнем. Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі сябруюць з рознымі літарамі. Здагадайцеся, з якімі?
Да дошкі выходзяць два вучні. Адзін з іх – “Цвёрды зычны гук”, другі – “Мяккі зычны гук”. На дошцы вісяць карткі (у выглядзе чарвячкоў) з літарамі, якія абазначаюць галосныя гукі: А, О, Е, Ё, Ю, Я, І, У, Ы, Э і таксама Ь. Дзецям патрэбна выбраць сабе “сяброў” з гэтых літар.
– Каб упэўніцца ў правільнасці выканання задання, давайце звернемся да правіла.
2) Работа з правілам
Настаўнік чытае правіла.
– Ці правільна нашы зычныя гукі выбралі сабе сяброў?
Вывад:
– Якімі бываюць зычныя гукі? (Цвёрдыя і мяккія). Якімі літарамі абазначаецца мяккасць зычных гукаў? (Літары е, ё, ю, я, і, ь.)
– Чарвячкоў нарыхтавалі, можам і на рыбалку адпраўляцца. А павядзе нас да вадаёма ручаёк.
Фізкультхвілінка (Танцавальныя рухі пад песню “Ручаёк”)
VIII Засваенне новых ведаў
Работа на картках у парах
– Падкрэсліце літары, якія абазначаюць мяккасць зычных гукаў на пісьме.
Вось кручок, вось чарвячок,
Лёска, палка – і рыбалка.
У. Карызна
IX Замацаванне вывучанага
– Ітак, дзеці, мы ля вадаёма. Зараз пабачым, якія вы ўважлівыя рыбакі.
1) Праца па падручніку
Практыкаванне 4, с. 5 (работа ля дошкі)
У радзе літар знайдзіце назвы рыб. У словах падкрэсліце літары, якія абазначаюць мяккія зычныя гукі.
ШЧУПАКАРПЛОТКАКУНЁКАРАСЬ
Пазнавальны матэрыял пра рыб
Шчупак – драпежная прэснаводная рыба са сплюснутай выцягнутай галавой і доўгім тулавам. Ён усяядны драпежнік, есць не толькі рыбу, але і жаб, чарвякоў, мышэй, п’явак.
Карп – прэснаводная рыба, якая водзіцца ў штучных вадаёмах.
Плотка – цела плоткі прадаўгаватае, спінка чорная, бакі і брушка белага колеру з чырвонымі плаўнікамі. На Беларусі жыве ў рэках і азёрах. Плавае чародамі, каб было лягчэй бараніцца ад вострых зубоў драпежнікаў.
Акунёк – цела высокае (у буйных – гарбатае), зеленавата-жоўтага колеру, па баках 5–9 папярэчных цёмных палос, мае два спінныя плаўнікі, галава вялікая, вочы аранжавыя.
Карась – рыба сямейства карпавых. Цела кароткае, высокае, пакрытае серабрыстай луской. Афарбоўка спіны цёмна-зялёная, бакі і жывот – серабрыстыя.
– А якія яшчэ рыбы водзяцца ў нашых вадаёмах? (Ёрш, лешч, судак, краснапёрка, сом)
Фізкультхвілінка для вачэй (Дзеці назіраюць, як плавае рыбка)
2) Самастойная работа па варыянтах
Практыкаванне 5, с. 6 (спісаць скорагаворку)
I варыянт – падкрэсліць літары, якія абазначаюць мяккасць папярэдняга зычнага.
II варыянт – падкрэсліць літары, якія абазначаюць цвёрдасць папярэдняга зычнага.
3) Тэставае заданне
Мяккасць зычных гукаў на пісьме абазначаецца літарамі:
а) а, о, і, э, у, ы; б) е, ё, ю, я, і; в) е, ё, ю, я, і, ь; г) е, ё, ю, ы, ь, і, я.
X Інфармацыя пра дамашняе заданне
XI Падвядзенне вынікаў
1) Ацэнка сваёй практычнай дзейнасці
2) Адказы на пытанні:
– Сёння вы пабывалі на рыбалцы.
– Якія новыя словы вам спатрэбіліся на рыбалцы? (Рака, вуда, кручок, чарвячок, лёска)
– Назавіце, якіх рыб вы злавілі?
– Якія бываюць зычныя гукі?
– Якімі літарамі абазначаецца мяккасць зычных гукаў?
– Я бачу, што сёння вы былі ўважлівымі рыбакамі.
XII Рэфлексія
– Дзеці, у вас на парце ляжыць рыбка, якую вы злавілі. Калі вы сёння на ўроку задаволены сваёй працай, матэрыял урока зразумелы, выпусціце рыбку ў вадаём. Калі вы адчувалі цяжкасці на ўроку – пакіньце рыбку сабе.
Гасцям мы нашым дзякуй скажам,
А татам, мамам пра ўрок раскажам.
Што ж, усім дзякуй за ўрок,
Нас кліча адпачыць званок.
Прэзентацыя да ўрока па спасылцы:
https://drive.google.com/file/d/1LTC2UhZED-jBv8xe_eUEtD3cStxOzA68/view?usp=sharing