Мора станоўчых эмоцый і пазнавальнай інфармацыі атрымалі хлопчыкі і дзяўчынкі рознаўзроставай групы № 2 Нягневіцкага ясляў-сада ў Сусветны дзень фатаздымка.
Выхавальнікі правялі з імі пазнавальную гутарку аб Сусветным дні фатаграфіі, пазнаёмілі з дзіўнай прафесіяй фатографа, гутарылі аб фотаздымках і фотаальбомах.
Разам з бацькамі да гэтага дня падрыхтавалі невялікую выставу фотаапаратаў. Дзеці з задавальненнем іх разглядалі. Іх цікавіла ўсё: і вечка з аб’ектыва, і якую трэба націснуць кнопачку, і навошта круціць колца. Усім вельмі хацелася зазірнуць у акенца аб’ектыва і абавязкова сфатаграфаваць самому.
На працягу дня з дашкалятамі прачыталі вершы пра фатаграфаванне, а праслухаўшы вершы “Фотапаляванне” Анатоля Грышына і “Паляванне” Ніны Жалязковай дзеці даведаліся, што такое фотапаляванне.
І хоць дашкаляты яшчэ не могуць сур’ёзна займацца фотаздымкамі, але з іх атрымаліся выдатныя фотамадэлі падчас нашай фотасесіі.
Святлана МІХАЛКЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Нягневіцкага ясляў-сада
Навагрудскага раёна