У сярэдняй школе № 3 Смаргоні ўрачыста святкавалі Дзень народнага адзінства. Гэта стала завяршаючым мерапрыемствам тэматычнага тыдня, прысвечанага новай даце ў календары дзяржаўных свят краіны.
Напярэдадні гэтай падзеі ва ўстанове былі арганізаваны тэматычныя інфармацыйныя і класныя гадзіны, пазакласныя мерапрыемствы. Так, навучэнцы 6-х класаў у межах удзелу ў чэленджы “Адзінства слова” падрыхтавалі выразнае чытанне вершаў сучасных беларускіх аўтараў. Вучні 7-х класаў завочна наведалі гістарычныя і памятныя мясціны нашай краіны падчас удзелу ў вусным часопісе “Моц народа ў адзінстве”. Для пяцікласнікаў бібліятэкарам была арганізавана тэматычныя выстава “Беларусь – адзіная і родная краіна”. Вучні пазнаёміліся з навінкамі літаратуры, узгадалі падзеі далёкага 1939 года, а таксама прынялі ўдзел у літаратурнай віктарыне “Народнае слова”. Навучэнцы 9–11-х класаў падчас кіналекторыя “Пішам гісторыю сваёй краіны разам” праглядзелі фільм пра гераічнае мінулае Беларусі, станаўленне яе суверэнітэту і незалежнасці. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята, паходжаннем дзяржаўных сімвалаў.
Фінальным акордам тэматычнага тыдня стала правядзенне мерапрыемстваў 17 верасня. З самага ранку на ўваходзе ў школу навучэнцаў і іх бацькоў шчыра віталі старшакласнікі ў народных касцюмах. Яны раздавалі інфармацыйныя лістоўкі і буклеты, віншавалі ўсіх са святам. Беларускія песні і словы пажаданняў на роднай мове стварылі святочную атмасферу. Прыгожай нотай дня стала правядзенне акцыі “Спяваем гімн разам”, падчас якой навучэнцы 1–4-х класаў праспявалі разам са сваімі настаўнікамі гімн Рэспублікі Беларусь. Сімвалам свята стала ўстаноўленае ў фае школы Дрэва пажаданняў. На працягу дня навучэнцы пісалі шчырыя пажаданні сваёй краіне і прымацоўвалі іх да галінак. Шчасця, дабрабыту, міру, дабра – шмат чаго жадалі вучні, а галоўнае – ад душы і разам.
Вольга ІЛЬІНА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 3 Смаргоні